Новы рэзідэнт "Вялікага каменя" адкрывае вытворчасць электратранспарту

26 ноября 2019
Швейцарскі бізнес прырастае  ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". Сёння пасведчанне аб адкрыцці вытворчасці атрымаў трэці рэзідэнт гэтай краіны. Буйны вытворца будзе выпускаць электратранспарт. Прычым, увесь аб'ём для продажаў на знешнія рынкі. Новыя кірункі супрацоўніцтва абмяркоўвалі сёння ў Мінску на дзелавым савеце. Пашыраюцца кантакты паміж прадстаўнікамі бізнесу, назіраецца стабільны прыток інвестыцый. Больш падрабязна аб новым праекце - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Ужо праз два гады, у 2021 годзе, гэта будзе паўнацэнная вытворчасць з выхадам на поўную магутнасць. Электрычны пасажырскі транспарт так запатрабаваны сёння ў свеце. Попыт, які расце, прымушае вытворцаў збіраць і прадаваць больш. Швейцарцы ўлавілі сучасныя тэндэнцыі і адкрылі прадпрыемства ў нашым інавацыйным кластары "Вялікі камень"

Швейцарскія інвестыцыі і тэхналогіі ў новыя вытворчасці


У кампаніі Hess заказы на экамашыны перавышаюць магчымасці. Зборка ў Беларусі іх адкрывае. Сёння кіраўніку кампаніі ўручылі пасведчанне рэзідэнта парка і далі старт будучай зборцы ціхіх аўтобусаў без выкідаў вуглякіслага газу. Гэтыя 7 з паловай тысяч квадратаў стануць новай технапляцоўкай.

Даніэль Відмер, кіраўнік дэпартамента аўтобусаў і тралейбусаў Carrosserie Hess AG: "Мы будзем вырабляць тут кузава аўтобуса. Да 50 за год. Яны будуць пастаўляцца для нашай кампаніі ў Швейцарыі. Але ў далейшым мы плануем і тут збіраць гатовыя электрычныя машыны. Гэта транспарт будучыні".

Новыя магчымасці для экспарту


З гэтай вытворчасцю ў Беларусь прыйдуць і новыя тэхналогіі. Нягледзячы на тое, што мы ўжо выпускаем уласны электробус і паспяхова яго прадаём, тут будзе зусім новае слова ў экамашынах. Экспарт і інвестыцыі - нашы галоўныя пункты росту. У гэтай вытворчасці сышлося ўсё - і пастаўкі ўсёй гатовай прадукцыі на еўрапейскі рынак, і 100-працэнтны капітал са Швейцарыі.
 

"Вялікі камень" - 60 рэзідэнтаў


Швейцарцы сталі 60-ым рэзідэнтам парка. Колькасць паступова пераходзіць у якасць. У наступным годзе, запэўнівае кіраўніцтва "Вялікага каменя", палова кампаній пачне даваць прадукт. Кампанія Hess - гэта сямейны бізнес. Завод у Беларусі першая спроба выйсці за межы Швейцарыі. Упэўненасць кроку дабавіў вопыт калег са "Штадлера". 

"Штадлер Мінск" у 2020 годзе плануе выпусціць 400 вагонаў


Кампанія на нашым рынку ўжо 6 гадоў. Калі стартавалі, у штаце было каля 200 працаўнікоў, а зараз амаль у 7 разоў больш. Працуюць тры змены. Да заказаў на вагоны ад беларускай чыгункі і трамваі  дабаўляюцца і замежныя кантракты, плануюць нарасціць і аб'ёмы вытворчасці.

Беларускі экспарт у Швейцарыю расце

Швейцарцам цікавы і наш вопыт у IT-сферы. Заказы ў рэзідэнтаў ПВТ за 9 месяцаў на больш як  30 мільёнаў долараў. Усяго на экспарце паслуг атрымалася зарабіць амаль 150 мільёнаў. Швейцарыя і ў пяцёрцы нашых найбуйнейшых інвестараў. 

Беларуска-швейцарскі дзелавы савет прайшоў у Мінску


Беларусі патрэбныя кампактныя, эфектыўныя, сучасныя і экспартна арыентаваныя вытворчасці. Швейцарыя ў гэтым заканадавец моды. На дзелавы савет у Мінск прыехала вялікая група бізнесменаў. Абмяркоўваюць новыя праекты і дзелавы клімат у Беларусі. Ёсць галоўнае - узаемная цікавасць. 

Сёлетнія дамоўленасці ў Мінску атрымаюць развіццё ўжо ў наступным годзе. Дзелавы савет збярэцца ў Швейцарыі. І скарбонка сумесных праектаў, магчыма, стане паўнейшай.