Новы вобраз беларускай вёскі

20 июня 2016

Беларусь у сусветнай пагоні за новымі тэхналогіямі і інавацыямі не спыніла падтрымліваць свой аграпрамысловы комплекс. Як вынік - у краіне цалкам гарантаваная харчовая бяспека. У рознічным гандлі сёння да 90% - гэта прадукты ўласнай вытворчасці. Апроч гэтага, Беларусь уваходзіць у лік сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі. Геаграфія беларускага аграрнага экспарту ахоплівае каля 80 краін свету. Але самае галоўнае - беларускае сяло атрымлівае новае жыццё. З'яўляецца высокааплатная праца, вяртаецца моладзь, ствараюцца сем'і. Новы вобраз беларускай вёскі вывучыла Вераніка Бута.

Адраджаем сяло і становімся лідарамі аграрнай вытворчасці. Гэта не амбіцыйныя планы на будучыню, гэта той арыенцір, якога краіна прытрымліваецца апошнія гады. Задача, пастаўленая пяць гадоў таму (забяспечыць сябе ўласным харчаваннем і вярнуць моладзь у раёны), сёння паспяхова рэалізуецца.

Леанід Марыніч, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Мы за апошнюю пяцігодку пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю 1200 малочна-таварных комплексаў. Сёння агульная колькасць сучасных ферм, якія маюць даільныя залы, робаты - 1600. Калі ў 2011 годзе ў нас толькі 15% пагалоўя кароў абслугоўваліся на сучасных комплексах, то на 1 студзеня 2016 - 60% статкі. Гэта вынік".

А вось яшчэ некалькі сухіх лічбаў - ужо вынік праведзенай працы. Па выніках мінулага года Беларусь стала экспарцёрам сметанковага масла нумар тры ва ўсім свеце. Наперадзе - толькі Новая Зеландыя і Еўрасаюз. На нашу краіну прыпадае 11% сусветнага экспарту масла.

А ў цэлым на сусветным рынку "малочкі" ў невялікай (тэрытарыяльна) Беларусі доля амаль 5%. Па экспарце сухой сыроваткі - краіна на 3-м месцы, сыру, тварагу і сухога абястлушчанага малака - на 5-м. Летась на экспарце мясамалочнай прадукцыі краіна здолела зарабіць каля $6 млрд. Геаграфія - каля 80 краін.

Станіслаў Сакалоўскі, дырэктар ААТ "Гастэлаўскае": "За гэтыя гады дзякуючы рэканструкцыі вытворчасць малака павялічылася ў два разы. Калі мы атрымлівалі 17-18 тон малака штодня, то сёння мы атрымліваем каля 40 тон малака. Вытворчасць за год - 13 тысяч тон малака".

І гэта толькі адзін прыклад - "Гастэлаўскае" на слыху не толькі ў Мінскім раёне. Пераймаць вопыт вядзення гаспадаркі едуць да нас расіяне. Такая ж ферма неўзабаве з'явіцца на Сахаліне. Сярод прыярытэтаў - у пагоні за колькасцю пагалоўя і атрыманага малака - не страціць у якасці. На фермах найноўшае абсталяванне: працэс цалкам аўтаматызаваны. Разумны робат вызначае вагу каровы, доіць яе, паводле вагі і ўдояў выдае камбікорм.

А на гэтым месцы раней былі некалькі стратных гаспадарак. Пасля таго як іх аб'ядналі і мадэрнізавалі, стала адной з перадавых: на 27 населеных пунктаў працягласцю 50 км. "Азярыцкі-Агра" - тут вырошчваюць збожжа, атрымліваюць малако, навучыліся захоўваць гародніну.

Усяго ў гаспадарцы працуюць больш за 500 чалавек - і гэта не толькі жыхары Смалявіцкага раёна, з'язджаюцца з усёй Беларусі.

Пытанне з кадрамі тут не стаіць. Адбор спецыялістаў на конкурснай аснове. Пазмагацца ёсць за што: зарплаты ад 5 да 18 млн., плюс дапамогуць з жыллём. Праўда, грошы тут зарабляюцца працай і потам у прамым сэнсе.

Ніна Жалязнова, дырэктар сельгаспрадпрыемства "Азярыцкі-Агра": "Не больш як месяц таму да нас прыехалі 3 механізатары з суседняй вобласці. Тут працуе іх зямляк. Зарплата тут у 4 разы больш, чым у іх. І вось яны прыехалі сюды на працу. Хлопцы маладыя. Мы іх узялі з выпрабавальным тэрмінам на 3 месяцы. Ведаеце, колькі яны вытрымалі? Толькі 12 дзён".

Людміла (галоўны аграном гаспадаркі) выпрабаванне вытрымала. З мужам яны пераехалі з Віцебскай вобласці два гады таму, атрымалі ад працы жыллё і ўжо чакаюць папаўнення ў сям'і. А пакуль у дэкрэце, занялася гаспадаркай хатняй, без справы сядзець не любіць.

Ствараць сям'ю дзяўчына не баіцца, праца добрая, зарплата не меншая, чым у сталіцы, для будучага дзіцяці ўсё ёсць: недалёка ад дома адрамантаваныя дзіцячы сад і школа, магазіны, аптэка, толькі забавак для моладзі няшмат. Але ўпэўненая: хутка і гэтае пытанне вырашыцца. Тут нават аграэкатурызмам займаюцца. Усяго за 4 гады мясцовы аздараўленчы комплекс прыняў больш за 16 тысяч чалавек.