Новыя тэхналогіі, мадэрнізацыя і дыверсіфікацыя рынкаў збыту. Такі курс выбраны і паэтапна рэалізуецца на прадпрыемстве "Гомельбудматэрыялы". Няпростая эканамічная сітуацыя ў будаўнічай сферы стала стымулам пошуку новых шляхоў у развіцці вытворчасці. Было прынята рашэнне стаўку зрабіць на памяншэнне энергазатрат і павышэнне якасці прадукцыі. У выніку за мінулы год сэканомілі больш за 18 мільярдаў рублёў.
Пра планы прадпрыемства раскажа Вольга Халадовіч. Цэмент, пясок і вада пад дзеяннем пары ў аўтаклаве ператвараюцца вось у такія блокі. Гэта ноу-хау ў сферы сучасных будаўнічых тэхналогій. За суткі на прадпрыемстве вырабляюць прыкладна 1 200 метраў кубічных такога матэрыялу. Гэтага хопіць, каб пабудаваць, напрыклад, восем катэджаў.
Сцены і перагародкі з ячэістага бетону ўтрая лягчэйшыя за цагляныя. А яшчэ яны лепш утрымліваюць цяпло і забяспечваюць добрую гукаізаляцыю.
Такая прадукцыя запатрабаваная не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Да нядаўняга часу асноўным экспарцёрам была Расія, сёння вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць асвойваць новыя рынкі збыту.
Неабходнасць дыверсіфікацыі рынкаў збыту, памяншэння сабекошту і павелічэння рэнтабельнасці прадукцыі падкрэсліў і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Сёння Генадзь Давыдзька сустрэўся з калектывам прадпрыемства "Гомельбудматэрыялы" і абмеркаваў перспектывы развіцця вытворчасці.
Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Будматэрыялы, якія тут вырабляюцца, вырабляюцца па найноўшых тэхналогіях, праведзеная мадэрнізацыя на прадпрыемстве. І я перакананы, што будавацца людзі будуць заўсёды, у гэтага прадпрыемства вельмі добрая, перспектыўная будучыня. Так, зараз часовы спад на рынку будаўніцтва. Але гэта часовае ўсё".
Яшчэ адзін важны складальнік павышэння эфектыўнасці вытворчасці - зніжэнне энергазатрат. Планавая мадэрнізацыя, якая праходзіць на прадпрыемстве, толькі за мінулы год дазволіла сэканоміць больш чым 18 мільярдаў рублёў.













