Новыя правілы гульні для гандлёвых сетак плануюць распрацаваць у Беларусі

15 января 2019

Здаровая канкурэнцыя без прымянення рыначнай сілы. Каб не было манапалізму, ад якога пакутуюць і вытворцы, і пакупнікі, новыя правілы працы для гандлёвых сетак прапішуць заканадаўча. Для пошуку балансу інтарэсаў вытворцаў, гандлю і спажыўцоў пры Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю створана рабочая група. На першым пасяджэнні агучаны прапановы кожнага з бакоў.

 

Меркаванні выслухала наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Колькасць сеткавых магазінаў апошнімі гадамі расце як на дражджах. На попыт пакупнікоў тут жа адгукаюцца адразу некалькі рэтэйлаў. У буйных гарадах ды ўжо і ў раёнах не абыходзіцца без гіпер- і супермаркетаў. У той жа час агрэсіўная палітыка некаторых гандлёвых сетак проста з'ядае маленькія магазіны ля дома. І тут галоўнае - знайсці баланс, каб, з аднаго боку, павышалася канкурэнцыя (што, безумоўна, станоўча адбіваецца і на цэнах, і на якасці абслугоўвання), а з другога боку, заставаліся ў страі і дзеючыя гульцы гандлёвага рынку.

Якраз для гэтага сёння пры Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю стварылі рабочую групу. Вынікам працы прыкладна праз месяц павінна стаць выразная стратэгія, што і як трэба змяніць. Зразумела, рынак многае рэгулюе, у тым ліку і неабходную колькасць магазінаў, але пры адной умове - калі ўнутры яго ёсць выразныя правілы гульні.

Гэта яшчэ адзін мэтанакіраваны крок, якія робіць МАРГ, каб на рынку не дапусціць манапалізацыі, а значыць дыктату з боку некалькіх гандлёвых сетак над вытворцамі і пакупнікамі. Мінулым летам пасля бурных дыскусіі ўдалося захаваць і бар'ер для рэтэйлу - не больш чым 20 % у аб'ёме рознічнага тавараабароту ў межах аднаго рэгіёна. І такая палітыка роўных умоў для ўсіх суб'ектаў рынку будзе прадоўжана, бо рыначная сіла сетак сёння пацвярджаецца і лічбамі. За 4 гады іх колькасць павялічылася ўтрая - да 30 тысяч магазінаў. Прычым, у 17 найбуйнейшых гандлёвых сетак больш за палову харчовых магазінаў і больш за 70 гандлёвых плошчаў аб'ектаў па продажы прадуктаў харчавання. З такім раскладам у корані не згодны бізнес, які і трымае ў асноўным гэтыя маленькія магазіны.

Ад вялікага манапалізму пакутуюць і вытворцы. Часта ім дыктуюць працэнты скідак, бонусы і тэрміны разліку за тавар. Калі на ўмовы не згодны, можна проста выляцець з паліцы. А адзін рэтэйл - гэта нават не дзясяткі, а сотні магазінаў. Дарэчы, пытанне абмежавання выплат на карысць гандлёвых сетак узнімалася не аднойчы. Рэгулятар трымае руку на пульсе, разбіраючы ў тым ліку і скаргі ад вытворцаў. Зараз на разглядзе іх 8 па доступе на паліцы магазінаў.

Якраз гэтыя моманты гатовы прапісаць заканадаўча. Некалькі прапаноў агучвае рэгулятар, астатнія чакае ад бізнесу, вытворцаў і рэтэйлу па пытаннях дадатковага дзяржаўнага рэгулявання дзейнасці гандлёвых сетак.

Новы прававы дакумент, які сёння вырашана распрацаваць, важны для ўсіх - вытворцаў, гандлю і спажыўцоў, якія купляюць тавар у магазіне. Але ўсе інтарэсы нельга рэалізоўваць за кошт кагосьці аднаго. У выйгрышы павінны быць усе. З гэтым згодныя і сеткі, запэўнівае кіраўнік іх асацыяцыі.

Разуменне таго, што прыйшоў час прапісаць усё дакладна і зразумела, ёсць у кожнага з бакоў. Галоўнае - знайсці кампраміс інтарэсаў вялікіх і маленькіх магазінаў працаваць разам. Бо фармат "ля дома" - гэта тыя самыя новыя рабочыя месцы, і іх рост - гэта паляпшэнне сітуацыі на рынку працы.