Новыя падыходы плануюць увесці ў Падатковы кодэкс Беларусі

7 октября 2013

Гэта будзе датычыцца тых людзей, хто, напрыклад, купляе дарагую маёмасць, у дэкларацыі аб даходах называе крэдыт банка, а праз месяц разлічваецца і за сам крэдыт. Гучыць неверагодна толькі на першы погляд. Для некаторых беларусаў гэта правераная схема легалізацыі ценявых даходаў і як вынік - нявыплата падаткаў. Зрэшты, калі ўнесці змяненні ў Падатковы кодэкс, банкаўскую таямніцу, якая дагэтуль ахоўвала такіх крэдытаатрымальнікаў, прыадкрыюць. Папраўкі ўжо прайшлі ўзгадненні.



У дачыненні да каго таемнае стане відавочным, даведваўся Андрэй Лапцёнак.


Доўгі час менавіта спасылкай на крэдыт або дэпазіт заможныя беспрацоўныя тлумачылі падатковай інспекцыі дарагую пакупку. Прыкладна так: паклаў у банк дэпазіт, пад залог гэтага дэпазіту ўзяў крэдыт, за які купіў аўтамашыну. Зараз банк будзе абавязаны паведаміць усе гэтыя звесткі на працягу трох рабочых дзён пасля атрымання запыту ад падатковай інспекцыі.


Такім чынам, інфармацыя пра выдадзеныя, пагашаныя, вернутыя крэдыты, а таксама пра размешчаныя ўклады ў выпадку, калі дэпутаты падтрымаюць, будзе вядомая фіскальным органам. Фактаў, калі грамадзянін у выглядзе крыніцы грашовых сродкаў на набыццё дарагой маёмасці (той жа машыны або кватэры) заяўляе крэдыт банка, хапае.



Святлана Шаўчэнка, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь: Нядобрасумленныя грамадзяне, прад'явіўшы ў падатковыя органы дакумент аб атрыманні крэдыту, фактычна робяць яго пагашэнне праз месяц пасля атрымання такога крэдыту. Так адбываецца легалізацыя ценявых даходаў і як вынік - пазбяганне падаткаабкладання. З мэтай спынення такіх фактаў і ўнесеныя такія прапановы ў Падатковы кодэкс.



Пакуль, атрымаўшы такую інфармацыю, падатковая нават праверыць яе не можа. Артыкул 121 Банкаўскага кодэкса адносіць яе да банкаўскай таямніцы. Усведамляць, што ў асабістыя фінансы можа ўлезці старонні, нават упаўнаважаны дзяржавай, няўтульна. Зрэшты, спецыялісты запэўніваюць, што новыя правілы закрануць не ўсіх, звесткі будуць падавацца толькі ў пэўных выпадках. І ў дачыненні толькі да пэўнай катэгорыі грамадзян.


Святлана Шаўчэнка, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь: Першая сітуацыя - гэта калі ў дачыненні да грамадзян праводзіцца праверка па выкананні заканадаўства аб дэклараванні даходаў і маёмасці. І другая - грашовыя сродкі такімі грамадзянамі ў выглядзе крэдытаў, дэпазітаў альбо працэнтаў, налічаных па ўкладах і дэпазітах, заяўленыя ў якасці крыніцы грашовых сродкаў, накіраваных на набыццё дарагой маёмасці.


Банкі да гульні па новых правілах гатовыя. Ні тэхнічных, ні іншых цяжкасцяў, па іх словах, змяненні ў Падатковы кодэкс не дададуць.


Андрэй Жышкевіч, кіраўнік камерцыйнага банка: Складанасцяў з пачаткам прымянення гэтага новаўвядзення я не бачу. З пункту погляду вопыту ў большасці замежных краін ёсць сістэма ўзаемадзеяння паміж падатковымі органамі і банкаўскай сістэмай для пэных выпадкаў, таму гэта не з'яўляецца нечаканым і абсалютна новым.


Эксперты амаль не сумняваюцца, што зняцце некаторых абмежаванняў з банкаўскай таямніцы не знізіць колькасць крэдытаатрымальнікаў або ўкладчыкаў.


Можна лічыць, што мэтай прыняцця змяненняў у Падатковы кодэкс з'яўляецца прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з сусветнай практыкай. Тры гады таму нават Швейцарыя перагледзела ў сувязі з гэтым закон аб банкаўскай таямніцы і дазволіла сваім банкам перадаць ЗША інфармацыю наконт пяці тысяч амерыканскіх укладчыкаў, якіх на радзіме падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Сёлета банкаўскую таямніцу прыадкрые і суседняя Расія.


Калі мы хочам хоць неяк навесці парадак з вывядзеннем сродкаў з незаконнай падатковай аптымізацыі, прыйдзецца і нам жыць па новых правілах.