Новыя кантракты Беларусі і Кітая

20 января 2014
У Пекіне сёння стартавалі перамовы Прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з урадам КНР і прадстаўнікамі бізнесу. У аэрапорце Сталіца беларускую дэлегацыю сустрэлі прадстаўнікі кітайскага МЗС і пасольства нашай краіны. На працягу чатырох дзён дэлегацыя наведае найбуйнейшыя інавацыйныя вытворчасці ў Пекіне і ў Шэньчжэне. Таксама прэм'ер-міністр пабывае на сумесных з Гомсельмашам і МТЗ прадпрыемствах у Харбіне. Мэта паездкі - працягнуць рэалізоўваць канцэпцыю стратэгічнага партнёрства, у прыватнасці, знайсці новыя рынкі збыту беларускай прадукцыі і прыцягнуць інвестыцыі ў нашу краіну.

Дарогай у Кітай прэм'ер-міністр Беларусі правёў перамовы ў Навасібірску з губернатарам горада. Міхаіл Мясніковіч і Васіль Юрчанка абмеркавалі пастаўкі беларускай тэхнікі ў Сібір і магчымасць стварэння сумесных вытворчасцяў. Летась тавараабарот нашай краіны з гэтым расійскім рэгіёнам склаў 205 мільёнаў долараў, павялічыўшыся на 16% у параўнанні з 2012. Гэта экспарт седлавых цягачоў, трактароў, металаканструкцый, цукру і малочнай прадукцыі.