Новую лінейку сельгастэхнікі прэзентавалі ў Нясвіжскім раёне

22 сентября 2018

Новая лінейка сельгастэхнікі для аграрыяў Мінскай вобласці. Корманарыхтоўшчыкі, глебаапрацоўшчыкі і зернесушыльныя комплексы - інавацыйныя распрацоўкі беларускіх канструктараў. Прэзентацыя сучасных аграмашын прайшла на тыдні ў гаспадарцы "Новае жыццё" ў Нясвіжскім раёне. Аляксандр Харавец ацаніў перспектыўныя мадэлі.

Сучасная шматфункцыянальная, простая ў абслугоўванні - і ўсім па кішэні. Гэта асноўныя патрабаванні да глебаапрацоўчых і корманарыхтоўчых агрэгатаў. Беларускія машынабудаўнікі прадэманстравалі апошнія распрацоўкі сельгастэхнікі.

Навінка "Аграсалона-2018" - шматфункцыянальны глебаапрацоўчы агрэгат. Пакуль у адзіным экзэмпляры. І яго зараз рыхтуюць для правядзення іспытаў. У першую чаргу тэхніка прызначаная для падрыхтоўкі глебы пад сяўбу такіх культур, як лён, рапс, цукровыя буракі і травы.

Больш за 20 гадоў Дзмітрый Фянько прысвяціў працы на зямлі. Механізатар спецыялізуецца на падрыхтоўцы глебы да пасяўных работ. Апошнія два месяцы выпрабоўвае вось гэты агрэгат.

Усяго на пляцоўцы прапанаваныя 15 новых мадэляў тэхнікі для аграпрамысловага комплексу. Асноўны ўпор падчас распрацоўкі агрэгатаў канструктары рабілі на якасць. А дабіліся яшчэ і значнага зніжэння кошту у параўнанні з імпартнымі аналагамі.

Ацэньвалі працу новых мадэляў кіраўнікі амаль усіх гаспадарак Мінскай вобласці. І не толькі. Спецыялісты з Егіпта амаль што на выставачнай пляцоўцы дамовіліся з беларускімі калегамі аб пастаўцы вялікай партыі тэхнікі для апрацоўкі зямлі у пойме ракі Ніл. Трапіць на рынак з новай лінейкай агратэхнікі даволі няпроста. І толькі якасцю можна зацікавіць пакупнікоў. Беларускім машынабудаўнікам гэта ўдаецца.

Усе гэтыя навінкі выпрабоўваюць не толькі на выставачнай пляцоўцы. Аграрыі вобласці робяць сур'ёзны тэст-драйв у полі, дзе актыўна вядзецца сяўба азімых культур. Завяршыць гэтыя работы плануюць да 1 кастрычніка.