Наваполацкі "Нафтан" разлічвае папоўніць страты і вырашыць пытанне кампенсацый з Расіяй

16 августа 2019

Наваполацкі "Нафтан"  плануе па выніках года выйсці на аб'ёмы перапрацоўкі, прапісаныя бізнес-планамі. Завод пачаў павялічваць магутнасць працы са жніўня, каб кампенсаваць страты ў выніку паставак бруднай расійскай сыравіны. Нагадаем, НПЗ з красавіка вымушаны быў знізіць загрузку прадпрыемства да 65 %. У такім рэжыме праца працягвалася некалькі месяцаў, пакуль трубаправод не ачысцілі, пачаўшы адгрузку чыстых вуглевадародаў. 

Сёння прадпрыемства разлічвае да канца года папоўніць страты, у тым ліку дапрацаваць пытанне кампенсацый з расійскага боку. 

Андрэй Рыбакоў, старшыня канцэрна "Белнафтахім": "У дадзены перыяд ідзе адпрацоўка з расійскім бокам розных механізмаў кампенсацыі. На жаль, яна не так хутка адбываецца. Многія падлікі патрабуюць прыпынкаў, гэта выконваецца толькі ў перыяд прыпыначных рамонтаў. Праца вядзецца пастаянна. Мы разлічваем, што да канца года зможам асноўную масу страт кампенсаваць альбо зрабіць якасныя, дакладныя разлікі, якія не будуць выклікаць ніякіх спрэчак паміж намі і суб'ектамі РФ. Адпаведна, кампенсаваць астатнія страты, якія мы будзем бачыць".

Сітуацыю на "Нафтане" сёння абмеркавалі з удзелам профільнага віцэ-прэм'ера Ігара Ляшэнкі.

Сёння НПЗ на этапе актыўнай мадэрнізацыі. Да лістапада тут разлічваюць завяршыць будаўніча-мантажныя работы і падрыхтаваць комплекс да пусканаладкі. Завод адчувае востры недахоп кваліфікаванага персаналу. Гэта адбіваецца на графіку работ. Урад сёння даручыў у кароткія тэрміны павялічыць колькасць будаўнікоў на аб'ектах новага комплексу. 

Яго ўзвядзенне - стратэгічная задача для галіны ў цэлым. Гэта дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты і тым самым павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай нафтаперапрацоўкі.




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя