Новая вяха супрацоўніцтва Мінска і Анкары і перспектыўныя праекты найбліжэйшай будучыні

17 апреля 2019
Ад эканомікі і гандлю да сумесных праектаў у адукацыі, навуцы і турызме. Адносіны афіцыйных Мінска і Анкары выходзяць на новы ўзровень партнёрства. Дыялог лідараў Беларусі і Турцыі, які адбыўся напярэдадні, ужо назвалі сапраўды поўнафарматным, бо без увагі не засталося ні адно пытанне, у тым ліку зняцця гандлёвых пошлін на ўвоз нашых тавараў на турэцкі рынак. Гэта магло б стаць добрым стымулам для збліжэння нашых эканомік і дасягнення новай мэты, якую паставілі Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган, - на працягу пяці гадоў павялічыць тавараабарот да паўтара мільярда долараў. Ад простых схем куплі-продажу неабходна пераходзіць да больш складанай формы - кааперацыі. Прычым не толькі ў прамысловасці. Размова пра больш цесныя кантакты і паміж ВНУ, навуковымі цэнтрамі, ды і ў цэлым паміж нашымі народамі. Пра новую вяху супрацоўніцтва дзвюх краін і пра перспектыўныя праекты найбліжэйшай будучыні - рэпартаж Веранікі Буты. 

Ніжнія Жары, бадай, самая паўднёвая беларуская вёсачка. Усяго 500 метраў да ўкраінскай мяжы, якая праходзіць па Дняпры. Сёння складана ўявіць, што гэтае месца можа ператварыцца ў міжнародны транзітны вузел і зрабіць Беларусь марской дзяржавай. 

Пабудаваць тут грузавы тэрмінал прапаноўваюць турэцкія партнёры. З аднаго боку, ён злучыць усходнюю і заходнюю часткі новага Шаўковага шляху з Кітая ў Еўропу. З іншага, адродзіць сувязь па лініі поўнач - поўдзень. Або знакаміты гістарычны шлях "з варагаў у грэкі". 

Бясспрэчна, праект запатрабуе вялікіх высілкаў ад кожнага з бакоў. Спачатку трэба прывесці ў парадак рэчышча, стварыць глыбіню для руху караблёў тыпу "рака - мора". Але гэта зусім не праблема, упэўненыя ў Міністэрстве транспарту Турцыі. 

Эмрэ Дынчэр, намеснік гендырэктара дэпартамента воднага транспарту Міністэрства транспарту Турцыі: "Не так даўно мы наведалі Гомельскі рэгіён. Шчыра скажу, інвестары ўжо вывучылі раён і лічаць, што стварыць неабходную інфраструктуру будзе досыць проста. Трэба толькі знайсці найболей прыдатнага аператара. Больш за 70 % экспарту Гомельшчыны могуць здзяйсняцца гэтым шляхам. Праект стане добрым прыкладам кааперацыі Турцыі і Беларусі".

Пад будаўніцтва порта, інфраструктуры, у тым ліку міжнароднага лагістычнага цэнтра, вылучылі каля 360 гектараў зямлі. Тэрмінал адкрые для беларускіх тавараў рынкі больш як 20 краін. 

Андрэй Савіных, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі: "Калі нам атрымаецца запусціць транспартны маршрут па рацэ Днепр, гэта будзе сур'ёзны крок наперад, паколькі суднамі "рака - мора" мы зможам звязаць тэрыторыю Беларусі непасрэдна з партамі  Чорнага і Міжземнага мораў. Эксперты ў адзін голас гавораць, што мы здолеем знізіць кошт транспартавання нашымі краінамі практычна ў два разы. Гэта сур'ёзны паказчык, таму што гэты кошт з'яўляецца бар'ерам (непераадольным) для пастаўкі шматлікіх грузаў. Мы амаль адкрываем магчымасць пастаўкі торфу, камянёў дэкаратыўных. Як з Турцыі ў РБ, так торфу ў Турцыю. Мы адкрываем новыя сферы для двухбаковага тавараабароту".

Паспяховая рэалізацыя транспартнага праекта будзе толькі на руку пры дасягненні новай планкі нашага эканамічнага супрацоўніцтва - паўтара мільярда долараў тавараабароту на працягу найбліжэйшых пяці гадоў. Да гэтай лічбы трэба імкнуцца - паставілі задачу ўрадам і бізнесу прэзідэнты Беларусі і Турцыі. 

У скарбонку нашых дамоўленасцяў падчас бізнес-форуму, які прайшоў у Анкары напярэдадні, паклалі ўжо 325 мільёнаў долараў прадпрыемствы Мінпрама, Беннафтахіма і Мінлясгаса Беларусі. На працягу некалькіх месяцаў чакаюць падпісання буйнога кантракту на пастаўкі БелАЗаў. Для нашых кар'ерных самазвалаў гэта будзе другая спроба заваяваць турэцкі рынак. 

Ад простых схем куплі-продажу неабходна пераходзіць да больш складанай формы - кааперацыі. На ўзор МТЗ, які пабудаваў у Кырыкале (гэта 80 км ад турэцкай сталіцы) сумесны завод. Праект рэалізуюць са сваімі азербайджанскімі партнёрамі - Гянджынскім аўтамабільным заводам. 

Вытворчасць абяцаюць запусціць улетку. Пакуль збіраць будуць дзве мадэлі трактароў МТЗ, далей лінейку пашыраць. Папярэдне дамовіліся на базе гэтага прадпрыемства пачаць з часам зборку камбайнаў, дарожнай, снегаўборачнай тэхнікі. У перспектыве - і беларускіх электробусаў і тралейбусаў. 

Артуч - лінгвіст. Скончыў МДУ, але на магістратуру вырашыў паступаць у Беларусі. Гаворыць, з аднаго боку, хацеў вучыцца ў еўрапейскай краіне, з іншага, яму даспадобы славянская культура. Выбарам застаўся задаволены. Турэцкая, англійская, нямецкая, французская і руская мовы яму ўжо скарыліся. Але спыняцца на гэтым не плануе. 

У мінулым навучальным годзе 178 турэцкіх грамадзян атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў нашай краіне. Часцей выбіраюць ІТ, міжнародныя адносіны, спецыяльнасці перакладчыка і эканаміста. 

На гэты факт абавязкова зважаюць у падрыхтоўчай акадэміі "Пуза". Больш за 10 гадоў адукацыйны цэнтр рыхтуе абітурыентаў да паступлення ў лепшыя ВНУ свету. Пра нашу краіну маладыя людзі ў Турцыі ведаюць мала, гавораць у акадэміі, але перакананыя, што попыт на адукацыю ў Беларусі будзе вялікі, і ў канцы красавіка плануюць прыехаць у Мінск, каб бліжэй пазнаёміцца з нашымі ўніверсітэтамі. 

Беларусь і Турцыя разумеюць: патрэбныя сумесныя адукацыйныя праграмы і як следства - падвойныя дыпломы. Але гэта наступны крок. 

Пакуль бакі дамовіліся актыўна абменьвацца студэнтамі і выкладчыкамі, выкарыстоўваць у адукацыі новыя тэхналогіі і працаваць над тым, каб дакументы, навуковыя ступені прызнаваліся аднолькава ў абедзвюх дзяржавах. 

Цяперашнія перамовы і рэвізія ўсіх сумесных праектаў дазволілі яшчэ  больш упэўнена глядзець у будучыню двухбаковых адносін. Учора прэзідэнты не раз падкрэслілі: паміж нашымі краінамі няма закрытых тэм, а таму ўсе пытанні вырашальныя, а самыя, здавалася б,  неверагодныя праекты можна ажыццявіць.