Новая лабараторыя пачала працаваць у Мінску

10 февраля 2015

Звароты грамадзян датычацца самых розных тэм. Сярод іх сустракаюцца і пытанні гандлёвай палітыкі. Вось, дарэчы, павысіць узровень абслугоўвання спажыўца дапаможа і новая лабараторыя, якая пачала працаваць у Мінску. Яна раскладзе прадукты харчавання на кампаненты. Зараз беларускія сертыфікаты якасці прызнаюць і ў Еўрасаюзе. Запуск абсталявання ўбачыў і наш карэспандэнт Юрый Таболіин.

Для выхаду на рынак ЕС сёння не дастаткова проста сертыфіката якасці. Неабходны падрабязны аналіз усіх інгрэдыентаў прадукцыі. І калі раней нашым вытворцам  даводзілася адпраўляць тавары за мяжу і аплачваць паслугі лабараторый у валюце, то сёння такая магчымасць з'явілася ў самой Беларусі.

Разрэзаўшы стужачку, Віктар Назаранка  і Рудольф Рышар далі старт працы новай лабараторыі і завяршылі маштабную праграму Беларусі і Еўрасаюза па падтрымцы якасці і гарантаванні бяспекі харчовых прадуктаў. За мінулыя чатыры гады некалькі соцень айчынных  спецыялістаў прайшлі падрыхтоўку ў буйных цэнтрах стандартызацыі Еўропы. А на тэрыторыі нашай краіны з'явіліся адразу тры сучасныя комплексы.

Рудольф Рышар,  Часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі:

"Каб запусціць гэтае абсталяванне, каб дапамагчы, трэнінгі правесці, трэба разуменне, патрэбныя мазгі, здольнасці. Яны ёсць, патэнцыял вялізны, мы разам працавалі, шмат семінараў было тут і ў ЕС, і вось вынік сёння".

Для  спецыялістаў якасць лабараторыі вызначаецца параметрамі дакладнасці. Гэтае абсталяванне дазваляе праводзіць даследаванні на ўзроўні атамных мас - прасцей кажучы, зазірнуць у глыбінныя структуры любых прадуктаў  харчавання.

Галіна Арцёменка,  начальнік аддзела выпрабаванняў харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі БелДІМ:

"Людзі  хочуць спажываць не толькі бяспечную, але і якасную ежу, хочуць, каб малако было малаком, мяса мясам, дзіцячае  харчаванне каб было не толькі бяспечным, а прыносіла дзіцяці карысць. Таму аналітычныя магчымасці атрыманага абсталявання дазваляюць вызначаць менавіта кампаненты. А кампанентны склад характарызуе і параметры бяспекі, і параметры якасці".

Інвестыцыі ЕС у праграму харчовай бяспекі склалі 8,5 мільёна еўра. Крок наперад як для Дзяржстандарта, так і для прамысловасці. Першы дамагаецца прызнання беларускіх даследаванняў не толькі на рынках Мытнага саюза, але і ў Еўропе. А вытворцы з такімі дакументамі скароцяць часовыя і фінансавыя выдаткі па шляху на прылаўкі ЕС.

Віктар Назаранка, Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі: 

"Калі мы выйшлі на адзіныя патрабаванні, на адзіныя метады выпрабаванняў, з'яўляецца магчымасць ужо канкурыраваць адкрыта і сумленна. Кожны прапануе  на рынак сваю прадукцыю, гэтая прадукцыя бяспечная, і зараз барацьба за спажыўца, цэнавыя характарыстыкі, папулязызацыю  на рынку".

Лабараторыя максімальна аблегчыць для беларускіх вытворцаў атрыманне еўрапейскіх дазваленчых дакументаў. Гэта яшчэ адзін крок да пашырэння экспарту. Але што не менш важна, аб'ектыўная ацэнка свайго прадукта і магчымасць карэкціроўкі якасці дазволяць павышаць узровень абслугоўвання ў першую чаргу беларускага спажыўца.