Нафтавае пытанне. Еўрапейскія спажыўцы патрабуюць пакрыцця ўрону ад Расіі

21 мая 2019

І што тычыцца пытання паставак нафты. Няяснасць па аднаўленні транзіту расійскай сыравіны ў ЕС абарочваецца жорсткай рэакцыяй еўрапейскіх партнёраў. Як стала вядома нашаму агенцтву, французская і італьянская кампаніі  Total і Eni   замарозілі плацяжы за расійскую сыравіну, спасылаючыся на пагаршэнне яе якасці. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі адкрыта заявіў пра абавязак Расіі заплаціць за брудную нафту. Польшча запатрабавала ад расійскага боку прыняць тэрміновыя меры, каб аднавіць пастаўкі чыстай сыравіны. На жаль, канстатуюць крыніцы,  дагэтуль няма дакладнага графіка ачысткі сістэмы, а запыты польскіх перапрацоўшчыкаў аб кампенсацыі праігнараваныя. НПЗ у Германіі вымушаны часткова прыпыніць працу з-за сітуацыі з "Дружбай". Планы па выдаленні бруднай нафты з трубаправода праваліліся. Кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак заяўляў, што прапампоўка чыстай нафты па пуцеправодзе "Дружба" ў Польшчу і Германію пачнецца ў панядзелак 20 мая. Згодна з падлікамі Reuters,  пастаўкі нафты ў нашу краіну і ўсё далёкае замежжа з-за забруджвання ўпалі на 1,8 мільёна тон, што эквівалентна мільярду долараў. Мінск і Масква працягваюць перагаворны марафон па аднаўленні транзіту. На парадку дня  перш за ўсё ачыстка беларускага ўчастку нафтаправода "Дружба". Гэта транзітны канал у кірунку Польшчы і Украіны. Сёння брудная нафта на гэтым участку блакіруе дастаўку чыстай сыравіны ў Заходнюю Еўропу і на поўдзень, нашым суседзям. Як адзначылі ў Белнафтахіме, механізмы вырашэння ўсіх пытанняў прапісаныя ў дарожнай карце. Яе Мінск і Масква прынялі напярэдадні. Каб цалкам аднавіць транзіт, партнёрам спатрэбіцца каля двух месяцаў. 

На сённяшні дзень Мазырскі завод удалося цалкам загрузіць чыстай нафтай. На "Нафтане" сітуацыя іншая. Прадпрыемства працуе на 65 % сваіх магутнасцей. Аднавіць аб'ёмы загрузкі завод зможа толькі да канца ліпеня, адзначылі ў канцэрне.