Няўзгодненыя пытанні па дарожных картах абмяркоўваюць сёння прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі

19 ноября 2019
У Падмаскоўных Горках праходзіць пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Да праграмы дзеянняў па выкананні саюзнай дамовы прыкладаецца 31 дарожная карта. Больш за палову з іх ужо ўзгодненыя. Да нявырашаных адносяцца тэмы фарміравання аб'яднаных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама развіццё атамнай энергетыкі. Менавіта гэтыя пытанні абмяркоўваюць сёння на ўзроўні прэм'ер-міністраў. Паводле слоў Сяргея Румаса, далейшая інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве магчымая толькі пасля вырашэння найбольш вострых пытанняў беларуска-расійскага эканамічнага супрацоўніцтва. 

Сяргей Румас, прэм'ер-міністр Беларусі: "Падкрэслю, што наша пазіцыя ў перамовах была выразнай і паслядоўнай - далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з рашэннем найбольш вострых пытанняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Сюды мы адносім фарміраванне цэн на нафту і газ, бар'еры па доступе тавараў на ўнутраныя нацыянальныя рынкі. Пакуль не ўсе гэтыя пытанні знайшлі сваё адлюстраванне ў падрыхтаваных дарожных картах, а калі і знайшлі, то мы пакуль маем розныя тэрміны іх выканання". 

Дзмітрый Мядзведзеў, старшыня ўрада Расіі: "Хапае сістэмных пытанняў, якія стрымліваюць гандаль і інвестыцыі. І якія мы рэгулярна  абмяркоўваем. Гэта датычыцца  і расійскага боку, і беларускага: і ўмовы субсідзіравання і крэдытавання, і фінансавыя ўзаемаадносіны, і пытанні доступу да дзяржзакупак. Тэмы няпростыя, трэба шукаць кампрамісы, узаемапрымальныя рашэнні".

Асноўная задача - узгадніць усе дарожныя карты да 1 снежня: у гэты дзень пакет дакументаў павінен легчы на стол прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.