Няякасная сыравіна пагражае працы беларускіх НПЗ

21 апреля 2019

Знак якасці пад знакам пытання. Расійская нафта, што паступае ў нашу краіну па вуглевадароднай артэрыі "Дружба", апошнімі днямі не адпавядае стандартам бяспекі. Беларускія НПЗ б'юць трывогу і адрасуюць прэтэнзіі да пастаўшчыкоў. Няякасная сыравіна пагражае рытмічнай працы прадпрыемстваў. У Мазыры і Наваполацку прымаюць аператыўныя меры, каб пазбегнуць самых негатыўных наступстваў, у тым ліку для абсталявання. Нагадаем, што абодва заводы зараз знаходзяцца на заключнай стадыі мадэрнізацыі, і няякасная нафта можа нанесці сур'ёзныя страты як беларускім, так і буйным замежным інвестыцыйным праектам.

Сёння на базе "Нафтана" прайшла нарада аператыўнага штаба па кантролі за сітуацыяй. У ёй бралі ўдзел віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка і кіраўнікі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. "Нафтан" прыняў рашэнне аб зніжэнні загрузкі завода практычна ўдвая. Чакаецца, што няякасная нафта сюды паступіць найбліжэйшай ноччу. Памяншэнне ж загрузкі дазволіць выпрацоўваць нафтапрадукты з нафты належнай якасці. Тым не менш, канцэрн "Белнафтахім" прыняў рашэнне па абмежаванні паставак светлых нафтапрадуктаў па ўсіх экспартных напрамках.

Расійскі партнёр прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты. Гэта пацверджана двухбаковым актам. На думку беларускіх спецыялістаў, для нармалізацыі сітуацыі спатрэбіцца не менш чым 8-10 дзён. Менавіта столькі часу неабходна, каб якасная сыравіна па нафтаправодзе паступіла на беларускія НПЗ.