"Белнафтахім" прыняў рашэнне па абмежаванні паставак светлых нафтапрадуктаў па ўсіх экспартных кірунках

21 апреля 2019

Канцэрн "Белнафтахім"  прыняў рашэнне па абмежаванні паставак светлых нафтапрадуктаў  па ўсіх экспартных кірунках.

Аб гэтым стала вядома падчас правядзення аператыўнага штаба па кантролі за сітуацыяй па пастаўках нафты  з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі  Ігара Ляшэнкі і кіраўнікоў нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Нарада прайшла на базе ААТ "Нафтан". Нагадаем, у канцы рабочага тыдня ў нашу краіну па нафтаправодзе "Дружба" з Расіі  замест якаснай вуглевадароднай сыравіны  пачала паступаць нафта з высокім утрыманнем хлору. У сувязі з гэтым НПЗ аператыўна адкарэкціравалі рэжым працы. Так, адзін з флагманаў беларускай нафтахіміі прадпрыемства "Нафтан"  прыняло рашэнне  аб паніжэнні загрузкі завода на 40 працэнтаў. Чакаецца, што няякасная нафта сюды паступіць найбліжэйшай ноччу. Памяншэнне ж загрузкі  дазволіць выпрацоўваць нафтапрадукты з нафты  належнай якасці. 

Ігар Ляшэнка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Момант вельмі адказны, бо зараз ідзе пасяўная, паліва запатрабавана як ніколі, і вельмі запатрабаваны наш прадукт сёння на экспартных рынках. Цэны сёння пікава высокія, таму мы маем як эканамічныя, так і тэхнічныя выдаткі. З тэхнічнымі выдаткамі прадпрыемства вызначацца ў момант капрамонту ў жніўні-верасні. Каманда Белнафтахіма і дырэктары заводаў выязджаюць на Транснафту ў аўторак на наступным тыдні для абмеркавання сітуацыі. Непасрэдна мая размова з кіраўніком кампаніі - яны запэўнілі мяне, што прадпрымаюцца ўсе дзеянні па максімальнай адпампоўцы нафты з павышаным утрыманнем хларыду і падмешваннем больш якаснай нафты".

Расійскі партнёр прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты. Гэта пацверджана двухбаковым актам. На думку беларускіх спецыялістаў, для нармалізацыі сітуацыі запатрабуецца не менш як 8-10 дзён. Менавіта столькі часу неабходна, каб якасная сыравіна па нафтаправодзе паступіла на беларускія НПЗ.