Небывалы ўраджай кавуноў сёлета ў Мінскай вобласці

20 августа 2015

Звыш 20 тон з гектара збіраюць у фермерскай гаспадарцы Смалявіцкага раёна. А вось кошт амаль у паўтара раза ніжэйшы, чым у астраханскіх ці краснадарскіх кавуноў. Смак бахчавых культур ацаніў і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.

Ганна Крапіўка з лёгкасцю вызначае, які з кавуноў на полі гатовы да ўжывання. У нашых умовах сярэдняя вага бахчавых дасягае 6-7 кілаграмаў. Ёсць і веліканы ў два разы цяжэйшыя.

Беларускі кавун не міф, а рэальнасць, прычым рэальнасць вельмі салодкая. Нягледзячы на зменлівае надвор'е ў гэтым аграсезоне, ураджай у гаспадарцы выдатны. З гектара тут збіраюць звыш 20 тон бахчавых.

Экзатычную культуру ў гаспадарцы вырошчваюць сёмы год запар. І з кожным сезонам плошчы пасеваў павялічваюць. Сёлета з пяці гектараў плануюць сабраць не менш за 100 тон. Старшыня гаспадаркі аўтарытэтна заяўляе: увесь ураджай экалагічна чысты.

Cёлета на палях гаспадаркі 15 сартоў кавуноў. У асноўным нямецкай, галандскай і ўкраінскай селекцый. Аднак галоўны аграном зараз актыўна працуе над уласным сортам. І нават вывела гібрыд - на выгляд гэта прадаўгаватая беспалосная ягада, якая па смаку нічым не адрозніваецца ад іншых.

Вырошчваюць у гаспадарцы і дыні. Толькі ў цяпліцах, паколькі ў адкрытым грунце гэтыя плады пакуль не здольныя цалкам выспяваць.

Затраты на вырошчванне мінімальныя, а рэнтабельнасць бахчавых, па словах фермераў, не менш за 300 працэнтаў. Таму гаспадаркі Мінскай вобласці ахвотна займаюцца такім аграбізнесам. На смак паласатая ягада з беларускай прапіскай такая ж салодкая, як і краснадарская ці астраханская. А па цане больш танная. Спецыялісты не выключаюць, што зусім хутка кавуновы рай будзе менавіта на беларускіх палях.