Нацбанк прэзентаваў новыя грошы і раскрыў таямніцу іх вытворчасці

10 ноября 2015

Беларускія купюры былі надрукаваныя ў Вялікабрытаніі, а манеты чаканілі ў Літве і Славакіі.

Вытворцаў выбралі па выніках закрытага конкурсу. А вось дызайн распрацавалі беларускія мастакі. Задача - паказаць архітэктурныя помнікі краіны ў новым стылі і на базе сучасных тэхналогій. Да прыкладу, на купюры ў 10 рублёў - малюнак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. На банкноце ў 5 рублёў - Белая вежа з Брэсцкай вобласці. Узяць у рукі новыя грошы і ўбачыць іх на свае вочы беларусы змогуць пасля 1 ліпеня.

Марына Дзёміна, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Беларусі: "Менавіта з 1 ліпеня яны становяцца законным аплатным сродкам. І толькі з гэтага часу банкі, Нацыянальны банк у тым ліку, будуць гэтыя грошы выпускаць у абарачэнне. Да 1 ліпеня ніякіх варыянтаў, нічога мяняць нельга".

Асаблівую ўвагу надалі абароне банкнот ад падробак. У ліку асноўных прыкмет, якія можна вызначыць без спецыяльных прыбораў - наяўнасць вадзянога знака, ахоўнай ніткі і спалучальнага малюнка. Таксама на банкнотах з'явіцца спецыяльная тактыльная пазнака, таму сапраўднасць і намінал банкноты можна будзе вызначыць навобмацак.