Нацбанк Беларусі не выключае паніжэння стаўкі рэфінансавання

14 июня 2018

Нацыянальны банк не выключае магчымасці далейшага паніжэння стаўкі рэфінансавання сёлета. Яе ўзровень можа апусціцца да гістарычнага мінімуму 10 працэнтаў. Аб гэтым сёння ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў намеснік старшыні Нацбанка Сяргей Калечыц. Ён адзначыў, рэзервы для падзення ключавой стаўкі захоўваюцца, але тэмпы яе паніжэння будуць паменшаныя. Галоўны арыенцір у прыняцці рашэння - узровень інфляцыі. Чакаецца, што рост цэн па выніках года змесціцца ў прагноз. Ён не перавысіць 6 працэнтаў. Ужо сёння ў краіне абноўлены мінімальны ў гісторыі парог інфляцыі. У гадавым выразе гэта 4,4 працэнта.

Сяргей Калечыц, намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі: "Аналізуючы сённяшні ўзровень ставак, хоць ён блізкі да раўнаважкага, мы бачым, што пэўныя магчымасці для невялікага паніжэння ставак у бягучым годзе ёсць. У наступныя гады, напэўна, гэтыя магчымасці пашырацца і захаваюцца. Да канца бягучага года мы чакаем паніжэння стаўкі рэфінансавання да 10-10,25%. Гэта паўплывае на паніжэнне, вядома ж, ставок па новых крэдытах у банках у беларускіх рублях. Наш прагноз - стаўкі да канца года будуць знаходзіцца на ўзроўні 11 - 11,25% гадавых".

Сёння стаўка рэфінансавання трымаецца на ўзроўні дзесяці з паловай працэнта. Пытанне яе далейшага руху будзе разгледжана на найбліжэйшым пасяджэнні праўлення Нацбанка 20 чэрвеня.