Наколькі канкурэнтная беларуская гародніна, і што выбірае спажывец

7 сентября 2017

Як звязаць разам інтарэсы спажыўцоў, вытворцаў і гандлёвых сетак? Гэтае пытанне сёння абмяркоўвалі ў Гомельскай вобласці. У Беларусі ў гэтым сезоне нядрэнны ўраджай гародніны. Але толькі вырасціць і сабраць яго - мала. Трэба захаваць і выгадна прадаць. Нягледзячы на тое, што попыт на прадукцыю ёсць, магчымасці рэалізаваць не заўсёды выкарыстоўваюцца. Наколькі канкурэнтная беларуская гародніна, і што выбірае спажывец, высвятляла Вольга Халадовіч.

Тут сарціруюць, мыюць і пакуюць гародніну. Уся прадукцыя - уласнай вытворчасці. Гэта і традыцыйныя цыбуля, морква, буракі. І мара гаспадыні - нарэзаная гародніна ў вакуумнай упакоўцы. У агракамбінаце "Усход", адным з самых буйных сховішчаў для агародніны ў краіне (плошчай тры гектары), захоўваецца больш за 20 тысяч тон гародніны. Ёсць усе ўмовы для перапрацоўкі і дастаўкі прадукцыі. Дарэчы, не толькі на ўнутраны рынак, але і за мяжу. Менавіта такія лагістычныя цэнтры, паводле слоў спецыялістаў, і павінны звязаць разам інтарэсы спажыўцоў, вытворцаў і гандлёвых сетак.

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Нам трэба стварыць оптавыя цэнтры, каб мы маглі купляць, перапрацоўваць і прадаваць. А чалавек павінен ведаць - я вырасціў на двух га 20 тон капусты, у мяне вось такі цэнтр купіць яе, перапрацуе і рэалізуе. Выразна павінна быць адпрацавана сістэма. Для вытворцы, калі я вырабляю, хто ў мяне яе купіць, і ў спажыўца - што мне трэба прадаць, які аб'ём, у якім разрэзе часовым і дзе я яго буду купляць. Вядома, на канкурэнтнай аснове".

Бульба, цыбуля, буракі, морква - восеньскае багацце просіцца на прылавак мясцовых магазінаў. Але скласці канкурэнцыю імпартнай прадукцыі атрымліваецца не заўсёды. Цана на айчынныя вітаміны вышэй, чым на прывазныя.

Валерый Папкоў, генеральны дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі гароднінаводаў: "Вось, напрыклад, цыбулю мы адпускаем па 25 капеек. У буйных гандлёвых цэнтрах наша цыбуля каштуе 90 капеек. Гэта нармальна? На складах ляжыць прадукцыя з Егіпта, з Крыма… Навошта? У нас найвелізарны асартымент прадукцыі, мы вырошчваем 35 найменняў гародніны".

У гэтым невялікім магазіне - заўсёды наплыў пакупнікоў. І гэта зразумела: больш як палова тавараў - гэта прадукцыя ўласнай вытворчасці без гандлёвай нацэнкі, а значыць, па прывабным кошце.

Фірменны гандаль - гэта максімальна кароткі шлях з поля, дзе вырошчваюць тую ж цыбулю і бульбу - да прылаўка магазіна. Акрамя таго, цэны тут, як правіла, ніжэйшыя, чым у рознічнай сетцы або гіпермаркеце.

А вось буйныя гандлёвыя рытэйлеры з айчыннымі вытворцамі гародніны і садавіны працуюць неахвотна. Закона, паводле якога супермаркеты абавязаныя закупляць беларускі тавар, няма. А попыт ёсць. За недарагую і якасную айчынную прадукцыю пакупнік гатовы галасаваць рублём.

Спецыялісты ўпэўненыя: змяніць сітуацыю з пастаўкай беларускай гародніны ў магазіны змогуць доўгатэрміновыя пагадненні паміж вытворцамі прадукцыі і гандлёвымі арганізацыямі. У дакуменце будуць прапісаныя не толькі абавязкі абобвух бакоў, але адказнасць за іх невыкананне.