Нанатэхналогіі - гэта неад'емная частка нашага жыцця

9 августа 2014
Пачынаючы ад інавацый у будаўніцтве і заканчваючы рознымі гаджэтамі, якія робяць наша жыццё больш лёгкім. Штогод у развіццё сферы ў Беларусі ўкладваецца парадку 30 мільёнаў долараў. І ўжо ёсць нядрэнныя вынікі.
Больш падрабязна раскажа Дзмітрый Цітоў.

Смартфон намесніка старшыні Акадэміі навук на 50% беларускі. Дысплэй тэлефона вырабляецца на нашым абсталяванні. Не плагіят - уласная распрацоўка, якую адобрыў яшчэ Стыў Джобс. І гэта толькі адзін з прыкладаў тэхналогій з прыстаўкай нана- у Беларусі. Да 2002-га года нашы навукоўцы працавалі ў 140 інавацыйных праектах - да сённяшняга дня засталося каля 10, але кожны з іх пры правільным маркетынгу можа стаць эканамічна эфектыўным.
Сяргей Чыжык, першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі: Нядаўна быў у камандзіроўцы ў Шри-Ланцы. Краіна не лічыцца звышразвітай. Тым не менш, мне паказалі Інстытут нанатэхналогій, які абсталяваны, і спецыялізаваны будынак атрымаў, і фундамент для высокадакладных вымярэнняў. Чыстыя пакоі. Развіваецца вельмі ўсё правільна. Укладзеныя грошы. Інфраструктура ствараецца. Нам гэтага не хапае.
Штогод Беларусь укладвае ў нанатэхналогіі парадку 30 мільёнаў долараў. З'явіліся і першыя ўзаемавыгадныя кантракты з Германіяй. Калегаў зацікавілі нашы нанаматэрыялы. Яны могуць выкарыстоўвацца ў сонечных батарэях, а таксама падчас будаўніцтва. Той жа аўтабан будзе пракладвацца ў некалькі разоў хутчэй і расходнага матэрыялу трэба значна менш.
І ўсё дзякуючы нанавугляроду. Калі 5 грамаў гэтага матэрыялу дадаць у адну тону цэменту, то ён стане на 20% больш трывалым. Да таго ж, у 5 разоў хутчэй ён зацвярдзее.
Улічваючы, што другое магістральнае кальцо ў Мінску плануюць рабіць з бетону, то можна сэканоміць на часе і сродках. Завяршыць працы не да 2018-га, а на год раней. Завод прадпрымальніка і акадэміка Сяргея Жданка складаецца ўсяго з некалькіх пакояў. Нанавугляродны матэрыял робяць з дапамогай газу ў спецыяльнай усталёўцы. Пастаўляецца на 5 жалезабетонных заводаў Беларусі. За грам такога рэчыва немцы даюць 50 еўра. І варожаць над формулай вытворчасці матэрыялу.
Беларуская асацыяцыя нанатэхналогій створаная летась. Па колькасці інавацыйных праектаў наша краіна не саступае суседзям. Гэтыя атамнасілавыя мікраскопы прадаюць у 15 краін свету. Іх унікальны зум дазваляе залезці нават унутр клеткі.
Алена Канстанцінава, загадчыца лабараторыі біятэрмамеханікі Інстытута цепла- і масаабмену імя А. У. Лыкава НАН Беларусі: У нас ёсць вопыт даследаванняў ракавых клетак. У нас ёсць вопыт працы з пацыентамі з цукровым дыябетам і дыягностыка стану клетак крыві ў гэтых хворых, яна таксама вельмі важная. Гэта дазваляе выбіраць аптымальныя спосабы лячэння. У тым ліку, і карэкцыя функцыянарнага стану клетак крыві.
На думку навукоўцаў, распрацоўкі ёсць, а вось з іх рэалізацыяй праблемы. Яшчэ летась было прынятае рашэнне аб будаўніцтве навукова-тэхналагічнага парка. Там плануюць ствараць айчынныя вакцыны ад грыпу, гепатыту С, ветранай воспы і весці даследаванні ў галіне нана- і біятэхналогій. Але акадэмгарадка пакуль няма.