Падатковы манеўр Расіі не адаб'ецца на працы прадпрыемстваў Белнафтахіма

29 октября 2014
Пра гэта сёння падчас наведвання канцэрна далажылі прэм'ер-міністру Міхаілу Мясніковічу. Кіраўнік урада заслухаў вынікі працы арганізацый галіны за 9 месяцаў года - тут выключна станоўчая дынаміка. Аб'ём выпуску прадукцыі ў цэлым вырас амаль на 12%. У прыватнасці, узраслі здабыча нафты, аб'ёмы яе перапрацоўкі, выпуск нафтапрадуктаў. Белнафтахім не дапусціў і падзення аб'ёмаў экспартных продажаў у трэцім квартале, калі назіралася зніжэнне каціровак на нафту. Тэмп росту экспарту тавараў у ліпені-верасні склаў 101% да аналагічнага перыяду мінулага года.

Аляксандр Ляхаў, генеральны дырэктар РУП ВА Беларуснафта: 9 месяцаў гэтага года былі вельмі важныя для нашага прадпрыемства ў частцы міжнародных праектаў. Наш здабывальны праект у РФ дэманструе ўстойлівы рост здабычы. І на сёння мы павялічылі сутачную здабычу ў 1,5 раза ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Гэта гаворыць пра тое, што сістэмны падыход і ўкараненне новых тэхналогій дае свае вынікі не толькі ў РБ, але і пры рэалізацыі замежных праектаў.


У мадэрнізацыю галіны са студзеня па верасень укладзена больш за 12 трыльёнаў рублёў. Працягваецца і рэалізацыя інвестпраектаў. Абнаўленне вытворчасцяў пачалі на заводзе горнага воску і Белшыне.