Падатковыя інспектары нагадваюць аб тым, што час падаваць дэкларацыі

12 февраля 2018

Здаць справаздачу аб заробках за мінулы год беларусам трэба да 1 сакавіка. Зрабіць гэта можна, як асабіста наведаўшы падатковую, так і адправіўшы дэкларацыю поштай. Таксама можна скарыстацца правам электроннай падачы справаздачнасці. З гэтага года ў Беларусі ўкаранілі паўнавартасную дыстанцыйную форму працы з фізічнымі асобамі. Як гэта працуе? Пра навацыі і правілы падачы дэкларацый - Вольга Анішчанка.

Амаль кожны супрацоўнік падатковай ужо пратэсціраваў, як гэта - здаць справаздачу аб прыбытках, не наведваючы інспекцыю асабіста. Гэтае права хочуць узяць за правіла. Гавораць, лепш мінімум асабістых зваротаў. Бо падаць дэкларацыю анлайн з гэтага года можа кожны грамадзянін. Адпраўны пункт - сайт Міністэрства па падатках і зборах.

Міхаіл Расолька - а ён пра падаткі для грамадзян ведае ўжо сапраўды ўсё - тлумачыць: так, праз сайт, будзе нават прасцей! Асноўныя звесткі пра плацельшчыка сістэма ведае і запоўніць сама. Да таго ж падкажа, як не памыліцца ў справаздачнасці.

Дарагія падарункі традыцыйна трапляюць у поле зроку падатковай. Калі сума за мінулы год перавысіла 5 500 рублёў, падаць дэкларацыю прыйдзецца. Такі ж прыбытак - арыентыр для тых, хто здае ў арэнду жыллё.

Асноўная група плацельшчыкаў - аўтааматары. Тыя, хто зарабіў на рэалізацыі аўто. Калі прадаў грузавую машыну або другую легкавую - прамы шлях у падатковую! Дамовы з нерухомасцю таксама дэкларуюць: продажы другой або больш кватэры, гаража або зямельнага ўчастку. Важнае ўдакладненне! На працягу апошніх пяці гадоў.

Запоўніць дэкларацыю прыйдзецца і аматарам анлайн-гульняў. Інтэрнэт-казіно і "Форэкс" таксама ў гэтым спісе. А ў цэлым любы прыбытак з-за мяжы патрабуе справаздачнасці. У падатковай, дарэчы, папярэджваюць: замежны рух фінансаў нашых грамадзян у інспектара як на далоні.

Дарэчы, каб здаць справаздачу аб прыбытках аддалена, зазірнуць у падатковую ўсё ж трэба. Уваход у асабісты кабінет плацельшчыка на сайце - калі ў вас пакуль няма да яго доступу - запатрабуе пароляў. А атрымаць іх дыстанцыйна – на жаль! - пакуль немагчыма.

Такім чынам, каб падаць дэкларацыю ў электронным выглядзе праз сайт, патрэбен лагін і пароль. Для гэтага прыйдзецца адправіцца да падатковага інспектара. Зусім не абавязкова да свайго. Падыдзе любая інспекцыя краіны. Зручна для тых, хто, да прыкладу, зарэгістраваны ў абласным цэнтры, а стала жыве і працуе ў сталіцы. Ці доўга гэта, ці выдаткова - атрымаць усе асабістыя паролі, - зараз высветлім.

Электронны талон пакажа нумар чаргі. Папросяць пашпарт і электронную пошту. Колькі хвілін - і вы ўладальнік асабістых звестак для доступу да анлайн-кабінета падаткаплацельшчыка! З іх дапамогай больш за 80 беларусаў паспрабавалі падачу дэкларацый з хатняга камп'ютара.

Як і раней, дэкларацыю можна прынесці ў інспекцыю асабіста. Людзі ведаюць: інспектар дапаможа, калі ведаў падатковай тэорыі пакуль не хапае. Папулярная і справаздачнасць поштай. Важна адправіць ліст да 1 сакавіка ўключна.

Падатковая нагадвае і аб адказнасці для тых грамадзян, хто не спяшаецца дэклараваць свае прыбыткі. Санкцыі для тых, хто спазніўся, - 15 % ад сумы нявыплачанага прыбытку. Зрэшты, размова - толькі пра падачу справаздачнасці. Аплаціць падаходны можна пазней. Важна паспець да 15 мая.