Падаткаабкладанне для гаспадароў аграсядзіб не зменіцца

25 октября 2016

Падаткаабкладанне для гаспадароў аграсядзіб не зменіцца, паведаміла сёння на пасяджэнні круглага стала намеснік міністра па падатках і зборах. Праект новага ўказа па аграэкатурызме не прадугледжвае павышэння падаткаў або ўвядзення новых збораў. Аднак распаўсюджвацца гэта будзе толькі на тых, хто сапраўды займаецца аграэкатурызмам, а не наўмысна падмяняе гэты від дзейнасці гасцінічным або рэстаранным. Разам з тым Міністэрства па падатках і зборах плануе дакладна вызначыць пералік паслуг, якія могуць аказваць аграсядзібы, каб выключыць дваякае тлумачэнне дзейнасці такіх гаспадарак і такім чынам абараніць добрасумленных арганізатараў аграэкатурызму ў Беларусі.

Святлана Шаўчэнка, намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі:

"Дзейнасць у сферы аграэкатурызму - гэта сфера, накіраваная на прыём турыстаў і аказанне ім паслуг у сферы адпачынку, аздараўлення, азнаямлення з прыродным патэнцыялам, нацыянальнымі традыцыямі. А вось вяселлі - гэта крыху іншы від дзейнасці. Закон не абмяжоўвае ў занятку такім відам дзейнасці, проста ідзе выплата падатку па іншай сістэме".

Міхаіл Партной, намеснік міністра спорту і турызму Беларусі:

"Асноўная маса людзей гэтым і займаецца - укладвае душу, развівае інфраструктуру, развівае нацыянальныя традыцыі, праводзіць аўтэнтычныя мерапрыемствы. Але, выкарыстоўваючы прабелы ў заканадаўстве (таму што там ёсць радок "іншыя паслугі"), да гэтага прымазалася невялікая група людзей, якія падмянілі вось гэтыя паняцці камерцыйным праектам. Гэта значыць рэстаранна-гасцінічны бізнес без выплаты падаткаў".

Нагадаем, што зараз падрыхтаваны праект паправак ва ўказ Прэзідэнта № 372 "Аб развіцці агратурызму". Папраўкі накіраваныя на тое, каб прымусіць тых уладальнікаў аграсядзібаў, якія па сутнасці займаюцца гасцінічным і рэстаранным бізнесам, плаціць падаткі ў тым парадку, што прадугледжаны для гэтай дзейнасці. Між тым, згодна з дзеючым заканадаўствам, уладальнікі аграсядзіб плацяць падатак памерам адна базавая велічыня за год.