Ужо да 2015 года вельмі дарагія пакупкі ў беларускіх магазінах можна будзе аплаціць толькі карткай, а тэрміналы з'явяцца нават у невялікіх гандлёвых пунктах. Галоўная мэта грандыёзнага плана Нацбанка і ўрада - за найбліжэйшыя два гады зрабіць безнаяўныя разлікі даступнымі і моднымі.
Наталля Тарасюк ацаніла перспектывы аплатнага пластыку.
Ужо праз два гады расплаціцца ў магазіне за дарагую пакупку можна будзе толькі пластыкам. Які максімум пакінуць наяўным грошам, улады абяцаюць вызначыцца да канца года. Як адзін з магчымых варыянтаў у Міністэрстве гандлю сёння называюць лічбу 10 мільёнаў.
Аднак калі кошт тавару перавысіць зададзеную суму, то пакупнік зможа разлічыцца не толькі па картцы, але і з дапамогай банкаўскага пераводу і нават авердрафту - кароткатэрміновага крэдыту.
У Нацбанку гавораць, што ў фармаце безнаяўных разлікаў ужо даўно жыве практычна ўся Еўропа. У Італіі, напрыклад, у вас не прымуць наяўныя, калі сума ў чэку перавысіць тысячу еўра, у Іспаніі мяжа – дзве з паловай тысячы. Акрамя таго, ужо ў хуткім часе абмежаванне на аплату наяўнымі грошамі з'явяцца і ў нашых суседзяў - у Расіі, Літве і Украіне.
Змяненні закрануць і юрыдычных асоб: ужо з 16 чэрвеня ўдвая знізіцца сума грашовай выручкі, пры якой трэба ў абавязковым парадку ўсталёўваць аплатны тэрмінал. Для гандлёвых арганізацый новая норма - 7,5 мільёна рублёў. Сярод пераваг пераходу на пластык - павелічэнне тавараабароту і павышэнне бяспекі. Акрамя таго, магчыма і паніжэнне выдаткаў на інкасацыю грашовай выручкі.
Ды і зарплата наяўнымі праз некалькі гадоў можа стаць гісторыяй. У распараджэнні кожнага беларуса будзе як мінімум адна картка так званай унутранай аплатнай сістэмы, а пры жаданні дадаткова і міжнародная.
Вольга Антановіч, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Беларусі: Гэта вельмі зручна і надзейна. У першую чаргу, для фізічных асоб. Таму што, па-першае, выкарыстоўваючы картку, пры аплаце камунальных плацяжоў, тавараў і паслуг вы эканоміце час. На сённяшні дзень час - гэта самы дарагі рэсурс. Потым картка - гэта бяспечна ў тым выпадку, калі вы робіце плацёж на вялікую суму.
Карыстаючыся аплатнай карткай, можна атрымаць і дадатковы даход. Беларускія банкі ўжо зараз прапаноўваюць розныя ашчадныя і назапашвальныя праграмы. І самы модны варыянт - бескантактны пластык - таксама ўжо ў Беларусі: проста паднясіце картку да тэрмінала, і пакупка аплачаная.














