На поўдні Мінскай вобласці актывізуецца ўзвядзенне Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната

21 ноября 2017

Гэта прыклад таго, як дзякуючы буйным інвестыцыям не проста ствараюцца прадпрыемствы і новыя рабочыя месцы, але і мяняюцца цэлыя рэгіёны. На поўдні Мінскай вобласці актывізуецца ўзвядзенне Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Славкалій плануе ўкласці ў яго 2 мільярды долараў. Па сутнасці гэта будзе буйны індустрыяльны кластар, які ўмацуе эканамічныя пазіцыі краіны як на ўнутраным, так і знешнім рынках. Калійныя ўгнаенні, якія будуць тут вырабляць, дапоўняць лінейку прадукцыі Беларуськалія. Разам іх плануюць рэалізоўваць праз адзіныя гандлёвыя каналы. Гэта пакуль перспектыва, а сёння інвестары зрабілі і першы крок у развіцці сацыяльнай інфраструктуры. У Любані здалі ў эксплуатацыю новы жылы дом на 40 кватэр.

Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі.

Верасень 2015-га запомніўся ўсім жыхарам Любанскага раёна не толькі нядрэннымі вынікамі ўборачнай, але і з'яўленнем на іх зямлі новага буйнога прадпрыемства. Сімвалічную капсулу на старце ўзвядзення Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната тады заклалі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і расійскі інвестар Міхаіл Гуцэрыеў.

І вось праз 2 гады гэтыя землі, багатыя на карысныя выкапні, прыкметна змяніліся. На пляцоўцы зрабілі свідравіны, рыхтуюць да працы замарожвальную станцыю. Без нізкіх тэмператур у падземных работах не абысціся.

Калі каляндарная зіма - гэта тры месяцы, то тут у свідравінах глыбінёй звыш 160-ти метраў яна затрымаецца на восем. Прычым пры пастаянных мінус 35-ці градусах. Дзякуючы такой замарозцы ў астуджаны грунт усталёўваюцца цюбінгавыя калоны, а значыць будучая шахта будзе поўнасцю закрыта ад падземных вод.

У цэлым на будоўлі прымяняюць самыя прагрэсіўныя сусветныя тэхналогіі. Напрыклад, запатрабаваны вопыт канадцаў, якія пры праходзе шахтных ствалоў выкарыстоўваюць механізаваны спосаб - без узрываў.

І калі "вертыкаль" падземных работ праглядваецца, то вось агульны "гарызонт" узвядзення новага аб'екта - 5-6 гадоў. Згодна з планамі, тут будуць вырабляць каля 2 мільёнаў тон калійных угнаенняў за год. Гэта перспектыва, але ўжо ёсць і завершаныя справы. Прычым з сацыяльна значным арыенцірам. Сёння ў Любані здалі ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом. Міхаіл Гуцэрыеў асабіста пераканаўся ў яго якасці - не верылася, што такі важны падарунак гораду можна пабудаваць за 8 месяцаў.

Дарэчы, у Любані інвестары пацвердзілі і намеры Славкалія ў будучыні прадаваць сваю прадукцыю сумесна з Беларуськаліем. Агульны тэзіс - хутчэй партнёры, чым канкурэнты.

Гучалі сёння і некаторыя аналогіі з Салігорскам. І яны шмат у чым правамерныя. Любань па размаху можа і не стане такім жа "горадам-шахцёрам", але дзякуючы прадуманай стратэгіі дзяржавы і буйнога бізнесу па ўсіх параметрах прэтэндуе на статус высокатэхналагічнага і зручнага месца для працы і пражывання.