На поўдні Беларусі практычна завершаны першы ўкос травы

14 июня 2018

Сёлета тэмпы вышэйшыя за леташнія. Каб паспець за аптымальныя тэрміны нарыхтаваць кармы, у Кобрынскім раёне тры слабыя прадпрыемствы аб'ядналі свае сілы.

Расказвае Вікторыя Патоня: З дапамогай спецыяльнага зонда аграномы правяраюць вільготнасць і тэмпературу сена. Без такога кантролю не абыходзіцца ніводны выезд на лугі, пакуль ідзе нарыхтоўка зялёнай масы. ААТ "Рагазнянскі" - адно з наймацнейшых прадпрыемстваў рэгіёна. Кармам тут заўсёды надаюць вялікую ўвагу - ад якасці травы напрамую залежаць "малочныя рэкі".

На тыдні плануюць завяршыць укос травы і ў гэтай гаспадарцы, на мяжы з Украінай. Амаль палова палёў прадпрыемства "Дружба народаў" у Кобрынскім раёне размешчана менавіта каля сумежнай дзяржавы і пад пільнай увагай вартавых меж.

Нарыхтоўка кармоў на гэтым прадпрыемстве вядзецца ў пагранічнай паласе. Вадзіцелі прад'яўляюць спецыяльны пропуск, каб трапіць за вароты. Так што праца тут узгоднена з пагранічнікамі.

"Дружбе народаў" прыйшлося цесна пасябраваць з суседзямі - сельгаспрадпрыемствамі "Любань" і "Кутузаўскі". На тры побач размешчаныя прадпрыемствы створаны адзін механізаваны атрад. Самастойна нарыхтаваць кармы яны не маглі з-за недахопу тэхнікі. Мабілізацыя рэсурсаў дазваляе не марнаваць час, а своечасова падбаць аб зімовым рацыёне кароў.

Па словах спецыялістаў, сёлета тэмпы кашэння травы вышэйшыя, чым летась. Аграрыі выкарыстоўваюць розныя тэхналогіі нарыхтоўкі: ад традыцыйных - у траншэі; з ужываннем кансервантаў і ў палімерныя рукавы. На працягу ўкоса травы ў палях незалежны маніторынг праводзілі і спецыялісты дзяржкантролю. Парушэнні тэхналогій усё ж ёсць.

Нарыхтоўку кармоў - сена, сенажу і сіласу - на першым этапе прадпрыемствы рэгіёна амаль завяршылі. І ўжо зараз рыхтуюць камбайны для ўборачнай. Экіпажы сфарміраваныя, на мехдвары - наводзяць апошнія падрыхтоўкі да жніва-2018. Аграрыі чакаюць дажджу, бо гавораць, засушлівае надвор'е можа істотна адкарэкціраваць віды на ўраджай.