Насустрач V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

7 октября 2018

Ужо праз некалькі дзён у нас у краіне пройдзе адна з найважнейшых эканамічных падзей для Беларусі і Расіі. V Форум рэгіёнаў дзвюх краін! Сёлета яго прымае Магілёў, і на некалькі дзён туды з'едуцца бізнесмены, кіраўнікі прадпрыемстваў, навукоўцы і грамадскія дзеячы з розных куткоў Беларусі і Расіі. Дзясяткі тэм для абмеркавання - досвед і перспектывы аграпрамысловага комплексу Саюзнай дзяржавы, лічбавая эканоміка, сельская гаспадарка, машынабудаванне.

Напярэдадні гэтага значнага мерапрыемства "Галоўны эфір" паспрабаваў даведацца, чаму беларуская "Алеся" (гэта такі гатунак яблыкаў) усмакаваўся расійскім аграрыям? Як "разумныя карты" ад расійскіх распрацоўшчыкаў дапамогуць развіццю малога і сярэдняга Бізнесу Беларусі? І калі ў маскоўскіх шматпавярхоўках з'явяцца першыя беларуска-расійскія ліфты? Дар'я Белавусава-Пятроўская аб сучаснасці і будучыні нашага супрацоўніцтва.

Гандлёвы дом МТЗ працуе на 18 абласцей Цэнтральнай Расіі. Заснаваны 15 гадоў таму, і дзякуючы зладжанай кааперацыі сёння на расійскіх палях кожны пяты трактар - гэта "Беларус". Надзейны, кампактны, а галоўнае - цалкам не капрызны ў эксплуатацыі. Адрамантаваць можна нават у палявых умовах.

Сёлета продажы Гандлёвага дома МТЗ, які спецыялізуецца па Цэнтральнай Расіі, складуць каля 30 мільёнаў долараў. А ўсяго па краіне працуюць яшчэ 4 падобныя гандлёвыя дамы. І выгада ад такога супрацоўніцтва відавочная. У беларусаў ёсць рынак збыту, у расіянаў - якасная і надзейная тэхніка на палях.

Беларуская "Алеся" ад расійскіх замаразкаў хутаецца ў цёплую васковую плёнку, але варта пацерці - і ў наяўнасці чырвоны сакавіты яблык. Менавіта на марозаўстойлівыя гатункі беларускай селекцыі 10 гадоў таму зрабілі стаўку аграномы падмаскоўнага саўгаса імя Леніна.

І вынік беларуска-расійскага сяброўства прынёс свой плён. На 6 гектарах вырас сад, і зараз штогод ён дае ад 20 да 28 тон яблыкаў. У планах - пасадзіць яшчэ адзін, ужо на 10 гектараў.

Займаюцца тут і жывёлагадоўляй. Некалькі гадоў таму рэканструявалі малочную ферму, і зараз каля тысячы кароў, палова з якіх дойныя, жывуць цалкам у аўтаматызаваным свеце. Робаты раздаюць корм, сочаць за чысцінёй. І нават на дойку каровы прыходзяць да камп'ютара. Дарэчы, шматлікае перанялі з беларускага досведу.

Ужо больш як 20 гадоў саўгасам імя Леніна кіруе Павел Грудзінін. Чалавек, вядомы не толькі як моцны гаспадарнік, але і як кандыдат ад КПРФ на выбарах Прэзідэнта Расіі 2018 года. Тады ён па выніках галасавання заняў другое месца. Умелае спалучэнне прынцыпаў сацыялізму і бізнесу ператварылі саўгас у адзін з самых буйных і эфектыўных у краіне. І, паводле слоў Грудзініна, аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы патрабуе перамен.

У канцы 2017 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў Дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Галоўная мэта дакумента - прыцягнуць у краіну сусветныя IT-кампаніі, каб яны адкрывалі ў нас свае цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт. Сёння адзін з такіх прадуктаў Беларусі гатовыя прапанаваць расійскія распрацоўшчыкі. "Разумныя карты" дапамогуць развіццю малога і сярэдняга бізнесу абедзвюх краін. Алгарытм просты - прадпрымальнік звяртаецца з запытам, дзе лепш адкрыць магазін, рэстаран або маленькае кафэ. І сістэма дапамагае знайсці такое месца.

Яшчэ адзін прыклад беларуска-расійскага супрацоўніцтва - вытворчасць вось такіх вентыляцыйных сістэм. Раней на іх стаялі кітайскія або еўрапейскія рухавікі, зараз - наш, айчынны, магілёўскі. З сярэдзіны лета гэтага года менавіта такія беларускія рухавікі дапамагаюць астуджаць паветра ў жылых дамах Масквы і Падмаскоўя.

Зараз у Маскве і Маскоўскай вобласці дзейнічае праграма "Рэнавацыі жылля". Зносяць трухлявыя хрушчоўкі, пабудаваныя яшчэ ў 60-х, а на іх месцы ўзводзяць сучасныя шматпавярхоўкі. І новыя ліфты проста неабходныя. Па тэхнічных патрабаваннях Еўразійскага эканамічнага саюза, да 2020 года ў Расіі павінна адбыцца поўная замена састарэлага абсталявання. У сувязі з гэтым некалькі месяцаў таму падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства паміж "Магілёўліфтмаш" і маскоўскай кампаніяй "Паветратэхніка". Макет новага беларуска-расійскага ліфта прэзентуюць на V Форуме рэгіёнаў у Магілёве. Гатовы прадукт плануюць стварыць да канца года. У планах - выйсці на магутнасць вытворчасці да 10 тысяч ліфтаў за год.