На тры тыдні раней пачалася пасяўная кампанія ў гэтым сезоне

21 марта 2020
Калі на ўсходзе краіны тэхніка толькі выйшла ў палі, то ў  заходніх рэгіёнах пасяўная - у актыўнай фазе. Паралельна ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, вядзецца культывацыя глебы. Праўда, свае карэктывы ў тэмпы сельгасработ уносіць надвор'е. У некаторых гаспадарках з-за начных замаразкаў  сяўбу пачынаюць  толькі да абеду.

Пра асаблівасці сакавіцкай пасяўной раскажа Марыя Тройніч.
Чым раней пасееш - тым лепшы будзе ўраджай. Па такім прынцыпе пачалася пасяўная ў Брэсцкім рэгіёне. У гэтым сезоне тэхніка сельгаспрадпрыемства “Астрамечава” выйшла ў палі на тры тыдні раней, чым звычайна. Таму тут ужо паспелі пасеяць большую частку ранніх яравых культур.

Раман Краўчук, галоўны  аграном сельгаспрадпрыемства: 
"Спрабуем паспець утрымаць вільгаць, бо снегу не было, а дажджом зямлю не напоіш. Таму стараемся выйсці ў поле і прыкласці ўсе намаганні, каб атрымаць добры ўраджай. Ячменю мы ўжо пасеялі 350 гектараў з 550. І гароху пасеялі 205 з 300 гектараў". 

Карэктывы ў такі бадзёры тэмп пасяўной уносяць толькі начныя замаразкі. Аграрыі чакалі, пакуль адтане глеба. Тым не менш, Брэсцкі раён ужо блізкі да завяршэння сяўбы яравых: тут засеялі 80 % плошчаў. 


Рана выйшлі ў палі і ў суседнім - Гродзенскім рэгіёне

Тэрміны, прызнаюцца аграрыі, аптымальныя. Глебу падрыхтавалі загадзя, унеслі ўсе неабходныя ўгнаенні. А значыць,  можна разлічваць на добры ўраджай. Нягледзячы на вялікія аб'ёмы, штучна паскараць тэмпы пасяўной у гаспадарцы не збіраюцца. Акцэнт - на якасную сяўбу і захаванне ўсіх тэхналогій. Кантроль якасці сяўбы ў гаспадарцы - на ўсіх этапах. Галоўны аграном у полі з механізатарамі пастаянна. Асабіста правярае і глыбіню залягання зерня. Пакуль усё па тэхналогіі. 

Цяпер самае галоўнае - добрае надвор'е. Пры адсутнасці начных замаразкаў сяўбу ранніх яравых культур аграрыі заходніх рэгіёнаў завершаць у найбліжэйшыя два тыдні.