На Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў павысілі якасць камбікорму

15 июня 2016

На Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў, дзякуючы новай аўтаматызаванай лініі, у некалькі разоў павысілі вытворчасць і якасць камбікорму. За суткі выпускаюць 180 тон грануляванай сумесі. Новы цэх мае цэнтр кіравання, сучасныя лініі мікрадазіравання і гранулявання. На вытворчай "кухні" гатуюць карысны для жывёлы прадукт, насычаны бялкамі, вітамінамі і мікраэлементамі выключна машыны. Аляксандра Драгун трапіла ў сучасны цэх.

Рэцэпт, па якім сёння будуць гатаваць камбікорм, задаюць тут - у "сэрцы" аўтаматызаванай лініі. Кулінараць у цэху выключна машыны, а людзі сочаць за працэсам праз цэнтр кіравання. У такім вытворчым тандэме Міхаіл Забела працуе амаль год - з моманту запуску на камбінаце хлебапрадуктаў сучаснай лініі.

Як перамешваюцца розныя дабаўкі ў адзін карысны для жывёлы прадукт, не відаць - вытворчы працэс праходзіць унутры гэтага "васьмінога". Сыравіна хутка праходзіць праз лініі мікрадазіравання і гранулявання - так атрымліваюць гатовы прадукт. За суткі расфасоўваюць 180 тон.

Карысць ад гранулявання камбікорму патроеная. Праз перапрацоўку кармавая сумесь максімальна насычаецца карыснымі рэчывамі. Акрамя таго, такі камбікорм эканоміць плошчу на складах і яго больш зручна транспартаваць.

Акрамя камбікорму на Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў вырабляюць муку, паўфабрыкаты, крупы - усяго пяць вытворчых цэхаў. Зараз актыўна рыхтуюцца да новага жніва.

Сёлета на прадпрыемстве выпусцілі амаль 8 тысяч тон жытняй і больш за 11 тысяч - пшанічнай мукі. Прадукцыя трапляе не толькі на беларускія прылаўкі - экспартуюць у Расію, Азербайджан, Украіну, Прыбалтыку.