На расійскім заводзе "Атаммаш" завяршаюць выраб рэактара для нашай атамнай электрастанцыі

13 сентября 2015

Сэрца аднаго з самых маштабных беларускіх праектаў амаль гатова. Беларускія журналісты вярнуліся з расійскага Валгадонска. Там, на заводзе "Атаммаш", завяршаюць выраб рэактара для нашай атамнай электрастанцыі.

І не толькі рэактара - з Растоўскай вобласці ў Астравец павінны прыехаць адразу два камплекты абсталявання для абодвух энергаблокаў. Іх убачыла Ксенія Рабчынская. Падчас сустрэчы пры падтрымцы беларускага Мінэнерга і карпарацыі "Расатам" журналістам распавялі пра кожны этап вырабу і праверкі якасці. Пра атамныя тонкасці - наступны рэпартаж.

Расказвае Ксенія Рабчынская.

Над самым важным - абсталяваннем так званага першага контуру для Беларускай АЭС - на валгадонскім заводзе "Атаммаш" працуюць ужо паўтара года. Менавіта адсюль у Астравец даставяць найважнейшыя дэталі для абодвух энергаблокаў. Увесь цыкл вырабу рэактара - 22 месяцы, прычым больш за палову часу - гэта выпрабавальныя работы і праверкі якасці.

Віталь Маркаў, начальнік зборачна-зварачнага ўчастку па вырабе корпуса рэактара Валгадонскага філіяла АТ "АЭМ-тэхналогіі" "Атаммаш": "Надзейнасць тут забяспечваецца ў першую чаргу - гэта служба якасці нашага прадпрыемства, кантроль на ўсіх этапах, АТК наша і прадстаўнік ад вас прысутнічае. Яму здаюцца ўсе неабходныя пункты, прапісаны планы якасці".

Складаная высокатэхналагічная вытворчасць - гэта некалькі карпусоў, толькі на плошчы аднаго можна змясціць 34 футбольныя палі міжнароднага класа. Увесь цыкл работ на адной пляцоўцы - ад зваркі першых швоў да ўнутранага напаўнення. За чатыры дзясяткі гадоў тут вырабілі 13 атамных рэактараў. Сёння ў вытворчасці 3 - два для Беларускай АЭС і адзін для Балтыйскай. Вытворчыя магутнасці дазваляюць прадпрыемству выпускаць у год 8 камплектаў абсталявання.

Віталь Шышоў, дырэктар па вытворчасці Валгадонскага філіяла АТ "АЭМ-тэхналогіі" "Атаммаш": "Заключаны дагаворы на выраб корпуса рэактара для АЭС Куданкулам, для АЭС Акую, гэта Турцыя. Ёсць прапрацоўкі з іншымі атамнымі станцыямі".

Менавіта гэты завод выбралі фіны для пастаўкі абсталявання на станцыю Ханхіківі. У Беларусь першыя дэталі з завода "Атаммаш" ужо дастаўлены - амаль 2 гады таму ў Астравец прывезлі пастку расплаву - адну з сістэм бяспекі АЭС. Тут жа строга па графіку зробяць парагенератары і іншыя дэталі ядзернага вострава.

Гэта сэрца будучай Беларускай АЭС. Унутры карпусоў рэактара для энергаблока нумар 1 сёння заканчваюць устаноўку апошніх дэталяў. Адразу пасля правядуць фінальныя гідраўлічныя выпрабаванні. І ўжо потым ён адправіцца на будаўнічую пляцоўку ў Астравец.

Для гэтага 320-тонны рэактар даўжынёй 13 метраў прывязуць перш на спецпрычал завода, а пасля пагрузяць на баржу. Па вадзе абсталяванне даставяць у Вялікі Ноўгарад, ужо потым перамесцяць на чыгуначную платформу. Згодна з планамі, ужо ў лістападзе сэрца беларускай АЭС даставяць у Астравец. І ўжо тады можна будзе гаварыць, што галоўная будоўля краіны фактычна выходзіць на фінішную прамую - дакладна ў тэрмін.