На прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і даверу будуюцца адносіны афіцыйных Мінска і Каіра

18 Чэрвеня 2019

Раўнапраўе, узаемная павага і давер - на гэтых прынцыпах будуць і далей будавацца адносіны афіцыйных Мінска і Каіра. 

Аб паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці. Тут прайшла сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Егіпта. 

Візіт Абдэля Фатаха аль-Сісі ў нашу краіну ўжо назвалі гістарычным. Ён стаў першым не толькі асабіста для яго, але і ў цэлым для кіраўніцтва гэтай паўночнаафрыканскай дзяржавы з моманту наладжвання дыпадносін з нашай краінай. А ім ужо 27 гадоў. 

Аляксандр Лукашэнка ў Егіпце быў двойчы. 2017 год стаў прарыўным. З моманту папярэдняга афіцыйнага візіту тавараабарот паміж краінамі практычна падвоіўся. 

Вынік мінулага года - 108 мільёнаў долараў, істотна прасунуліся ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Сёння там ужо збіраюць беларускую сельгастэхніку, МАЗы, машыны "Амкадор". 

Сёння на перамовах у Мінску (спачатку ў вузкім, а затым і ў пашыраным складах) лідары адзначылі: база створана добрая, але гэты ўзровень партнёрства далёка не мяжа, неабходна прыкласці яшчэ больш намаганняў. А двухбаковыя кантакты будуць і надалей заставацца пад асабістай увагай прэзідэнтаў. 

Беларусь і Егіпет дамовіліся ліквідаваць бар'еры ва ўзаемным гандлі. У прыватнасці, распрацаваць выразную структуру рэгістрацыі для пастаўшчыкоў абедзвюх краін і стварыць роўныя ўмовы для ўдзелу ў тэндарах. Новыя магчымасці для развіцця двухбаковых адносін чакаюць пасля заключэння пагаднення з Еўразійскім эканамічным саюзам, адзначыў высокі госць. Зараз актыўная фаза перамоў. Беларусь і Егіпет гатовы ствараць сумесныя прадукты для краін Афрыкі і Еўразіі - ад камп'ютарных гульняў да электробусаў. Намеры актывізаваць супрацоўніцтва змацавалі подпісамі. Па выніках перамоў прынялі дарожную карту супрацоўніцтва на найбліжэйшыя два гады, а таксама пакет міжнародных дакументаў. Ужо пасля перамоў Аляксандр Лукашэнка ўручыў кіраўніку Егіпта ордэн Дружбы народаў за яго асабісты ўклад у развіццё двухбаковых адносін паміж дзяржавамі. 

Пасля ўсіх пратакольных мерапрыемстваў Аляксандр Лукашэнка разам са сваім калегам з Егіпта высадзілі дрэва на Алеі ганаровых гасцей. Гэта добрая традыцыя, да якой далучаюцца кіраўнікі замежных дзяржаў і іншыя высокія госці пры наведванні Палаца Незалежнасці.