На прадпрыемстве БелАЗ у Жодзіне сёння адкрыты новы корпус

23 сентября 2016

На прадпрыемстве БелАЗ у Жодзіне сёння адкрыты новы корпус па дапрацоўцы кар'ерных самазвалаў. На плошчы амаль у чатыры тысячы квадратных метраў - сучасныя участак апрацоўкі, фарбовачная і мыйна-сушыльная камеры. Інвестыцыі у праект - каля 18 мільёнаў долараў. Штогод з гэтай пляцоўкі будуць выходзіць каля шасці дзясяткаў самазвалаў грузападымальнасцю ад 30 да 450 тон. І сёння ж БелАЗ прадэманстраваў новыя распрацоўкі – мадэлі самазвалаў і аэрадромны цягач.

Алег Сцяпук, першы намеснік гендырэктара ААТ "БелАЗ": "Мала таго што мы пашыраем наменклатуру нашай прадукцыі, мы пашыраем і рынкі збыту і павялічваем тэмпы пастаўкі нашых узораў на рынкі далёкага замежжа. Ужо сёлета тэхніку паставілі ў 30 краін. Самае галоўнае, што гэта ўсяляе ўпэўненасць - нашы ўзоры паказалі сябе і па эканамічнасці, і па найменшым кошце выдаткаў на вытворчасць. Гэта гаворыць аб тым, што мы ідзем правільным шляхам".

Усяго мадэльны рад жодзінскага завода налічвае каля паўтысячы мадыфікацый грузавікоў.