На палях Мінскай вобласці актыўна ідзе сяўба кукурузы

23 апреля 2020
Да работ  далучыліся ўсе раёны. У  Старадарожскім пад  ураджайную культуру  аддалі амаль трэць плошчаў. У  аграфірме  "Фалічы" ў гэтым сезоне  на палях працуюць новыя  сеялкі  айчыннай вытворчасці. 

Перавага ў тым, што ў глебу разам з насеннем  уносяцца мінеральныя  ўдабрэнні. Гэта дазволіць расліне з  першых дзён атрымліваць  пажыўныя элементы па максімуму. Больш падрабязна - Юлія Токар.

У палях - новая тэхніка


Ружовае насенне кукурузы - яго пратравілі ад драцяніка, загружаюць у бункер, і новая сеялка выходзіць у поле. Перавага сучаснай машыны айчыннай вытворчасці ў тым, што ў глебу разам з зернем трапляюць і мінералы: фосфар з карбамідам. А гэта значыць, што расліна адразу атрымлівае пажыўныя элементы. 

Гаспадарскі падыход дае свой плён


Па-гаспадарску кіруе аграфірмай вопытная Іна Атрошчанка. У далёка не жаночай сферы яна амаль чвэрць стагоддзя. Прайшла шлях ад ветурача і заатэхніка да дырэктара гаспадаркі. І вось цяпер кожная раніца пачынаецца з агляду старадарожскіх палёў. Бо ў сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, поспех залежыць ад багатага ўраджаю кармоў. 

Нескладаная матэматыка: у кожным літры малака – 600 грамаў кармоў. Вось і планка, на якую раўнуюцца ў "Фалічах". 

За мінулы год на гэтай малочна-таварнай ферме толькі адна карова дала сем з паловай тысяч тон малака. Паказчык - самы высокі ў раёне. Сёлета плануюць выйсці на 8 тысяч.

Апрацоўка палёў з азімымі культурамі


Азімыя тут таксама пад увагай. На палях з жытам зараз праводзяць хімапрацоўку ад пустазелля. Вегетацыю раслін пакуль стрымліваюць начныя замаразкі. 

Сяўба грэчкі пачнецца ў сярэдзіне мая


У Старадарожскім раёне рыхтуюць палеткі і да сяўбы японскага проса - пайзы. А з 15 мая пачнуцца работы з грэчкай.