На тыдні з афіцыйным візітам у Беларусі знаходзіўся Прэзідэнт Лаоса

7 июля 2013

За ваенным парадам у Дзень Незалежнасці ў Мінску разам з Мадура назіраў яшчэ адзін высокапастаўлены замежны госць. Прэзідэнт Лаоса Цюмалі Сайнясон. Зрэшты, яшчэ да таго, як трапіць на свята, у дэлегацыі Лаоса было некалькі дзён перамоў і сустрэч у Мінску. І вось па іх выніках, першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт можна лічыць удалым. Прынамсі, цяжка назваць сферу, якую госці не закранулі. Пабывалі на МАЗе - цікавасць да нашай тэхнікі, наведалі Ваенную акадэмію - раўненне на нашу ваенную навуку, наведванне агракамбіната - жаданне ўзаемадзейнічаць аграрнымі сектарамі. А яшчэ шчыльныя перамовы з Прэзідэнтам, міністрамі, дэпутатамі, навукоўцамі. Дарэчы, не выключана, што наша краіна прыме ўдзел у міжнародным тэндары на права будаўніцтва ў Лаосе калійнага камбіната. Калі ж гаварыць у самым шырокім сэнсе, то цяперашні візіт дазволіць супрацоўнічаць з гэтай азіяцкай краінай напрамую, без пасрэднікаў. А яшчэ з перспектывай выхаду на вялізны рынак рэгіёну. Справа ў тым, што не толькі на нашым кантыненце зараз ідуць актыўныя інтэграцыйныя працэсы. З 15-га года АСЕАН, куды ўваходзіць і Лаос, стане адзіным эканамічным саюзам, а гэта ўжо куды больш сур'ёзныя перспектывы.