На тыдні беларусы прэзентавалі свае экспартныя магчымасці ў Шанхаі

11 ноября 2018

Тут прайшоў самы вялікі ў свеце супермаркет - Першая кітайская выстава імпартных тавараў. Удзельнікі перайшлі да самых актыўных дзеянняў - выканання падпісаных шматмільённых кантрактаў, якіх назапасілася багата. Пры гэтым самая буйная дамова тыдня належыць менавіта беларускаму прамысловаму гранду, прынамсі, калі судзіць па памерах тавару: да канца месяца ў Паднябесную адправіцца 360-тонавы БелАЗ. У планах - пастаўкі яшчэ 12 аўтагігантаў.

Ну, а харчовы чыгуначны ланцужок з Беларусі па Шаўковым шляху працягнуўся да горада Чунцін. На гэтым тыдні тут прымалі першую партыю беларускай малочнай прадукцыі, а ў будучыні гэты цягнік плануюць зрабіць штотыднёвым. У цэлым жа сёлета беларускія прадукты дакладна атрымаюць на кітайскім рынку Гран-пры ў намінацыі "Прарыў года": з леташніх 15 мільёнаў долараў іх экспарт у Паднябесную да канца снежня наблізіцца да сотні - толькі пастаўкі малака выраслі ў 9 разоў.

Але нават такі гіперскачок не адлюстроўвае ўсяго патэнцыялу рынку. Неўзабаве менавіта імпарт сельгаспрадукцыі стане прыярытэтам для Паднябеснай. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Галоўнаму эфіру" распавёў памочнік міністра замежных спраў Кітая Джан Ханхой.

Адзначым, за апошнія 6 гадоў тавараабарот з Паднябеснай не апускаўся ніжэй за тры мільярды долараў. Залаты перыяд прыпаў на 2014, а вось затым прыкметны спад - у першую чаргу прасеў беларускі экспарт. Летась Кітай стаў трэцім бізнес-партнёрам Беларусі ў аб'ёме гандлю, але, улічваючы амаль бязмежны рынак і апетыты Паднябеснай, паказчык здаецца далёкім ад свайго ідэалу.