На "Нафтан" дадаткова паставяць нафту для поўнай загрузкі завода

24 мая 2019

Масква гатовая вырашаць пытанні кампенсацыі за прапампоўку няякаснай нафты па "Дружбе". Сёння аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас  па выніках перамоў з расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым. Сустрэча прайшла ў падмаскоўных Горках. Партнёры пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць пачаць прапампоўку якаснай сыравіны ў кірунку Заходняй Еўропы. Ужо на старце наступнага тыдня пачнецца выцясненне бруднай нафты зваротна ў Расію. Гэта вызваліць нафтаправод для вуглевадародаў высокай якасці. Нагадаем, усе меры, неабходныя для аднаўлення паставак і транзіту нафты ў ранейшых аб'ёмах, Мінск і Масква прапісалі ў дарожнай карце - яна змяшчае і блок пытанняў, якія датычацца пакрыцця шкоды ад бруднай сыравіны. 

Ацэньваць фактычныя страты з-за здарэння ў "Дружбе" будзе спецыяльная рабочая група. На цяперашнім этапе для Беларусі першым крокам да вырашэння праблемы стане адпампоўка з труб некандыцыйнай сыравіны - гэта дапаможа аднавіць транзіт еўрапейскім спажыўцам.

Сяргей Румас, прэм'ер-міністр Беларусі: "Што датычыцца кампенсацыі, бакам неабходны час, каб ацаніць шкоду, якую нанесла няякасная нафта тэхналагічным усталёўкам Мазырскага НПЗ. Яшчэ раз сёння было пацверджана, што РФ гатовая вырашаць кампенсацыі за няякасную нафту. Што датычыцца недаатрыманых даходаў Беларусі ад прапампоўкі нафты, мы дамовіліся, што прымем дадатковыя меры па пастаўках нафты колавым транспартам на "Нафтан", каб завод працаваў не на 60%, а на 100% загрузкі. Што датычыцца транзіту, то ў інтарэсах дзвюх краін як мага хутчэй загрузіць транзітную трубу максімальным аб'ёмам. І мы лічым, што яшчэ ёсць час папоўніць той аб'ём транзіту, які стандартна праходзіць на працягу года ў бок Заходняй Еўропы, і атрымаць адпаведныя прыбыткі беларускім суб'ектам гаспадарання".

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі разгледзелі і шэраг інтэграцыйных пытанняў і далі даручэнні міністрам эканомік дзвюх краін на працягу месяца зняць усе рознагалоссі. У канцы чэрвеня Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў плануюць правесці яшчэ адну сустрэчу.