На Мазырскім НПЗ ад няякаснай расійскай нафты выйшла са строю дарагое абсталяванне

22 апреля 2019
Нягледзячы на гэта завод працу працягнуў. На прадпрыемстве запэўнілі, што ўся прадукцыя выпускаецца ў поўным асартыменце і за яе якасць хвалявацца спажыўцу не варта - сітуацыя пад кантролем. Сыравіна на НПЗ паступала па нафтаправодзе "Дружба", які ў цэнтры пільнай увагі апынуўся ў канцы мінулага тыдня, калі з Расіі пачаў паступаць вуглевадарод з высокай колькасцю хлору. Беларусь прыняла рашэнне часова абмежаваць экспарт светлых нафтапрадуктаў. Урад стварыў штаб для ўрэгулявання сітуацыі. Вераніка Бута працягне. 

Першым удар на сябе ўзяў Мазырскі НПЗ. Некалькі дзён таму, калі па нафтаправодзе "Дружба" замест якаснага вуглевадароду стала паступаць нафта з колькасцю злучэнняў хлору ў дзясяткі разоў вышэйшай за норму, нічога не паказвала на пагрозу. Між тымі карозія, якую выклікаюць гэтыя хларыды, усяго за тыдзень з'ядае мінімум 4 міліметры сталёвай трубы. Сёння на прадпрыемстве ўжо падлічваюць рэальныя страты. Са строю выйшла дарагое абсталяванне.

Расійскі бок віны з сябе не здымае, партнёры пацвердзілі: крыніцу забруджвання выявілі на ўчастку Самара - Унеча, і запэўнілі, што неўзабаве выправяць. Але ці гатовыя яны аплаціць рамонт абсталявання ў Мазыры, пакуль невядома. Да пытання падключыліся юрысты. Пакуль аператыўна ўсе непаладкі выпраўляюць на прадпрыемстве саматугам.

На беларускіх НПЗ рэагуюць неадкладна, шматкроць павялічыўшы колькасць рэагентаў для засцярогі абсталявання. Абодва заводы ў Наваполацку і ў Мазыры завяршаюць мадэрнізацыю. Уклады апошніх гадоў параўнальныя з папярэднім дзесяцігадовым этапам абнаўлення заводаў. А няякасная нафта можа нанесці сур'ёзныя страты не толькі абсталяванню. Яна здольная паставіць пад сумненне надзейнасць беларускай транспартнай артэрыі, бо па гэтым нафтаправодзе сыравіна з Расіі паступае далей - на Захад. На постсавецкай прасторы нашы НПЗ у дзясятцы, а ў некаторых пазіцыях нават у тройцы нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Планку зніжаць не планавалі.

Якім чынам мінімізаваць негатыўныя наступствы, думаюць у аператыўным штабе па кантролі над сітуацыяй. Так, прынялі рашэнне абмежаваць пастаўкі светлых нафтапрадуктаў ва ўсіх экспартных кірунках. Амаль удвая знізілі загрузку "Нафтана". Гэта дапамагло адцягнуць час і падрыхтавацца да прыёму няякаснай сыравіны. Так, бракаваная нафта сюды сёння ўжо таксама паступіла, аднак у перапрацоўку яна не пайшла, захоўваецца ў спецыяльным рэзервуары. Працуюць на старых запасах.

Шкоду ад пастаўкі няякаснай нафты Беларусі яшчэ трэба ацаніць. Паводле папярэдняй ацэнкі, яна можа скласці ад некалькіх дзясяткаў да сотняў мільёнаў долараў. Таксама трэба бакам вырашыць і пытанне дастаўкі дрэннай сыравіны назад у Расію. Зараз назапашана ўжо больш за 700 000 тон нафты, якая не адпавядае паказчыкам якасці.

Заўтра ў Маскве, як чакаецца, пройдуць перамовы па пытанні няякасных паставак. Каманда Белнафтахіма і дырэктары нафтаперапрацоўчых заводаў адправяцца на Транснафту абмеркаваць сітуацыю, а галоўнае  - выйсце з яе. Каб на нашы НПЗ ізноў паступіла якасная сыравіна, спатрэбіцца не менш за тыдзень. Але ў беларускім канцэрне запэўнілі, што ўнутраны рынак нафтапрадуктамі цалкам забяспечаны.