На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе - мадэрнізацыя вытворчасці

29 июля 2014

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе працягваецца мадэрнізацыя вытворчасці - тут будуецца комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Праект стане самым маштабным і дарагім у гісторыі прадпрыемства: паводле папярэдняй ацэнкі, ён каштуе больш за мільярд долараў. Зараз вядзецца ўстаноўка чатырох рэактараў, іх прывезлі з Японіі. Вага кожнага - амаль 800 тон, даўжыня - больш за 50 метраў. Для таго каб устанавіць такі негабарытны груз, выкарыстоўваюцца спецыяльныя краны і дапамога альпіністаў.


Вадзім Данілевіч, дырэктар дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Мазырскага НПЗ: Гэта сэрца ўстаноўкі, тут праходзіць асноўная рэакцыя - гідракрэкінг цяжкіх нафтавых рэшткаў, пасля якога ідуць працэсы падзелу. Па сутнасці, тут яны, гэтыя цяжкія рэшткі, ператвараюцца ў тыя светлыя нафтапрадукты, якія паступяць у таварныя рэзервуары.


Завяршыць будаўніцтва комплекса на прадпрыемстве плануюць ужо ў 2017 годзе. Гэта дазволіць заводу выйсці на новы тэхналагічны ўзровень. Тэрмін акупнасці праекта - ад 5 да 9 гадоў.