На мільярд долараў тавараабароту па выніках года могуць выйсці Беларусь і Сібір

27 сентября 2017

Пад знакам рэгіянальнага супрацоўніцтва праходзіць гэты тыдзень для Беларусі.

У самым яго пачатку з афіцыйным візітам нашу краіну ўпершыню наведаў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў. Абмяркоўвалі магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння не толькі за кошт гандлю, але і выхаду на прынцыпова новы ўзровень прамысловай кааперацыі. Пра гэта гутарка наперадзе. Да тэмы супрацоўніцтва з каўказскай рэспублікай мы яшчэ вернемся. І вось сёння на перагаворнай карце яшчэ адзін пункт. Зусім не новы, які абяцае добрыя аб'ёмы ўжо ў найбліжэйшай перспектыве. На мільярд долараў тавараабароту па выніках года могуць выйсці Беларусь і Сібір. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сустрэўся з прадстаўніком Прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе Сяргеем Мяняйлам і губернатарам Новасібірскай вобласці Уладзімірам Гарадзецкім. І тут, як адзначана, галоўныя перспектывы - у прамысловай кааперацыі. І прыклады такіх кантактаў ужо ёсць. Бакі выказалі зацікаўленасць разам прасоўваць новыя медыцынскія тэхналогіі, развіваць аграпрамысловы комплекс. Ужо арганізавана сумесная вытворчасць трамваяў, на чарзе выпуск збожжаўборачных камбайнаў. Наогул жа сібіракі нязменна падкрэсліваюць якасць беларускіх тавараў, а наша прадукцыя там карыстаецца стабільным попытам. З падрабязнасцямі з Новасібірска Святлана Лук’янюк (відэа).