На ферме ў Навагрудскім раёне выгадоўваюць стронгу

9 января 2014
На гэтай незвычайнай ферме ў Навагрудскім раёне не пачуць мыкання цялятаў - толькі шум вады з помпаў. Тут выгадоўваюць стронгу. Тут вам і развіццё малога бізнесу, і прадукт, які ў нашай не марской дзяржаве на вагу золата. Зрэшты, шлях ад фермы да прылаўка карацейшым ад гэтага не становіцца.

Пра сакрэты і цяжкасці рыбнай справы - Дзмітрый Смірноў.

На гэтай незвычайнай ферме ў Навагрудскім раёне не пачуць мыкання цялятаў - толькі шум вады з дзясятка помпаў. А яе гаспадар у адзіночку прыглядае за сваім статкам у пару тысяч галоваў. Рэдкая гаспадарка, якіх ва ўсёй Беларусі толькі некалькі, ужо пару гадоў займаецца гадоўляй стронгі. Але толькі зараз яе ўладальнік пагадзіўся паказаць і распавесці - як усё ўладкавана і чаму для гадоўлі рыбы яму не трэба электрычнасць. Дзмітрый Смірноў больш падрабязна.

Менавіта гэтыя міліграмы кіслароду ў вадзе і яшчэ яе тэмпература - галоўнае, паводле слоў Уладзіміра, ад чаго залежыць поспех гадоўлі стронгі. Капрызы да ўмоў пасялення гэтай рыбы гаспадар незвычайнай фермы выконвае няўхільна. Ваганні нават у пару градусаў для яе пагібельныя. Восем гадоў таму, калі ён першы раз запусціў у сажалкі малявак, амаль 90% з іх загінулі. Сёння, абапіраючыся на вопыт і былыя памылкі, ён стварыў унікальную сістэму - і не толькі інкубацыі і гадоўлі, але яшчэ здолеў зрабіць усё гэта энерганезалежным.

Праточная вада, насычаная кіслародам, стронзе неабходная ў літаральным сэнсе, як паветра. Без яе яна не будзе ні расці, ні развівацца. Але што самае цікавае - на гэтай ферме ўся вось гэтая сістэма функцыянуе абсалютна без электрычнасці.

Фізіка і крыху хітрасці - так тлумачыць ён сам. Мара архітэктара - не змяняючы першапачатковы рэльеф мясцовасці, Уладзімір прымусіў яго працаваць на сябе - бонусам амаль выключыўшы з камунальных выдаткаў электраэнергію. Найчысцейшая вада з крыніц каскадам спускаецца і напаўняе сажалкі, адначасова ўзбагачаючыся кіслародам.

Дзіўная рыса такой прыватнай вытворчасці ў тым, што гаспадар не проста падпісвае паперы і праводзіць нарады. Для гэтага няма часу. Напрыклад, каб з ікрынак з'явіліся маляўкі стронгі, Уладзімір у літаральным сэнсе кожны дзень з лупай сочыць за развіццём кожнай. Дарэчы, менавіта на гэтым этапе ёсць падабенства са звычайнай фермай. Стронгу, аказваецца, таксама можна даіць.

У год гэта параўнальна невялікая гаспадарка можа выставіць на продаж больш як 10 тон стронгі. Аднак пакуль ёсць пытанні з рэалізацыяй. Дакладней, з дастаўкай. Стронга, у адрозненне ад таго ж карпа, у адной вадзе не вытрымае больш чым 2 гадзіны. За такі час яе далёка не адвязеш. Пакуль прыходзіцца абмяжоўвацца мясцовым рынкам і невялікімі заказамі ў суседнія гіпермаркеты. Сабекошт кілаграма стронгі каля 70 тысяч рублёў.

У Арменіі, адкуль родам Уладзімір, такіх стронгавых ферм вельмі шмат. Асабліва ў так званай Арарацкай даліне. Падобную даліну ён марыць знайсці і тут - у Навагрудскім раёне.