На Беларускім аўтазаводзе ўрачыста адкрылі новую лінію

6 ноября 2019
Напярэдадні свята 7 Лістапада на карце Мінскай вобласці па традыцыі з'яўляюцца новыя сацыяльна значныя аб'екты. Вялікі - у прамым сэнсе - падарунак сёння атрымалі жодзінскія машынабудаўнікі. На Беларускім аўтазаводзе ўрачыста адкрылі новую лінію падрыхтоўкі і афарбоўкі дэталяў і вузлоў кар'ернай тэхнікі. 

За гістарычнай падзеяй назіраў наш карэспандэнт Аляксей Кандраценка.

Падзея, сапраўды, маштабная. Да яе на БелАЗе ішлі не адзін год. Новая лінія зможа рыхтаваць і афарбоўваць дэталі для самых вялікіх самазвалаў - грузападымальнасцю ад 90 да 450 тон. 

У цэлым жа праект - новае слова ў эканоміцы і экалогіі. Завод інвеставаў у сваё ж развіццё больш за 30 мільёнаў рублёў. Перавагі, напрыклад, у эканоміі лакафарбавых пакрыццяў. Да таго ж, самі машыны будуць у службе больш даўгавечнымі. Дзякуючы новай лініі абнуляюцца і шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе. 

Мадэрнізацыя БелАЗа - гэта і 300 новых высокатэхналагічных працоўных месцаў. Спецыялісты прайшлі адпаведнае навучанне для работы на сучасным абсталяванні. Пры гэтым важны аспект, якога заўсёды прытрымліваецца холдынг, - сацыяльная падтрымка машынабудаўнікоў. 

У цэлым у найбліжэйшыя 5 гадоў холдынг БелАЗ плануе інвеставаць у развіццё сваіх прадпрыемстваў у Магілёве, Пінску, Слуцку і Оршы больш за 400 мільёнаў рублёў. Сярод новых аб'ектаў і найноўшая рабатызаваная малочна-таварная ферма ў Смалявіцкім раёне.