На Беларуськаліі адбыўся ўрачысты выпуск мільённай тоны мінеральных удабрэнняў

16 августа 2018

Знакавая падзея ў айчыннай здабыўной і перапрацоўчай прамысловасці. Сёння на Беларуськаліі адбыўся ўрачысты выпуск мільённай тоны комплексных мінеральных удабрэнняў. Сімвалічна і тое, што на такую яркую лічбу гарнякі выйшлі ў год 60-годдзя як самога прадпрыемства, так і Салігорска. Мінеральныя ўдабрэнні з унікальнай формулай, у аснове якой азот, фосфар і калій, карыстаюцца попытам у шматлікіх краінах. Аляксей Кандраценка даведаўся, як усяго адна гранула карыснага рэчыва ўплывае на ўрадлівасць зямель, а заадно пацікавіўся стратэгічнымі планамі флагмана сусветнай калійнай прамысловасці.

Расшыфраваць скарот NPK не складана, калі ўспомніць назвы хімічных элементаў. Nitrogenium, Phosphorous, Kalium, а прасцей - азот, фосфар, калій. Менавіта гэтыя тры кампаненты сталі асновай для новага ў Беларусі віду прадукцыі - комплексных складана-змяшаных удабрэнняў. Вытворчасць па ўнікальнай формуле нашых спецыялістаў стартавала пяць гадоў таму пад Салігорскам. З тых часоў NPK-удабрэнні шмат разоў выручалі аграрыяў па ўсім свеце - ад Беларусі, Літвы і Польшчы да Мексікі і Тайваня.

Ігар Кудравец, начальнік цэха па вытворчасці NPK-удабрэнняў ААТ "Беларуськалій": "Уся гэтая сыравіна ў нас здрабнеецца, увільгатняецца, закочваецца ў гранулы. Кожная гранула ўтрымлівае ў сабе тры кампаненты. Адрозненні ва ўтрыманні азоту, фосфару і калію ёсць. Якую марку заказалі, тое мы і выпускаем. І, вядома, пакупніку выгадна, бо ён уносіць адзін від удабрэнняў за адзін раз".

Просты, але актуальны прыклад таго, дзе неабходна мінеральнае сілкаванне для сельскагаспадарчых культур. Для гэтага адпраўляемся ў суседні Слуцкі раён.

Цукровы бурак на гэтым полі ў свой час атрымаў добрую порцыю азоту, фосфару і калію. Можна сказаць - такі "шчыльны комплексны абед". Плюс пастаяннае натуральнае падсілкоўванне - сонца і дажджы. Без гэтага таксама не абысціся!

У выніку і фарміруецца той агранамічны баланс, дзякуючы якому аграрыі атрымаюць добры ўраджай.

Марына Пракаповіч, начальнік аддзела Слуцкага райвыканкама: "Расліна адразу набірае неабходную колькасць пажыўных рэчываў. Далей - комплекснае ўдабрэнне памяншае выдаткі, бо не трэба па асобнасці ўносіць фосфар, азот і калій. Трэцяе - гэтае павелічэнне ўраджайнасці. І чацвёртае - гэты комплекс спрыяе павелічэнню цукру. Гэта самае галоўнае, пэўна, для гэтай культуры".

Мільённая тона прадукцыі – знакавы рубеж для ўсяго калектыву цэха. І ў той жа час прыгожая лічба - гэта і стымул да далейшага развіцця ўсяго Беларуськалія, якое забегае на дзесяцігоддзі наперад. Таму і 60 роднаму гораду, упэўненыя жыхары Салігорска, толькі пачатак шляху.

Іван Галаваты, генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій": "Мы плануем у найбліжэйшыя гады шляхам мадэрнізацыі павялічыць прадукцыйнасць цэха на 20 %. Мы разглядаем магчымасць будаўніцтва аналагічнай вытворчасці на другім рудаўпраўленні. Летась мы асвоілі краіны афрыканскага рэгіёна. Пасля марскога шляху за два месяцы якасць нашага прадукта засталася на ранейшым узроўні".

А ўжо ў наступным годзе наша краіна стане багацейшай яшчэ на адзін прамысловы гігант. Гэта Петрыкаўскі горна-ўзбагачальны камбінат. Інвестыцыі Беларуськалія ўвасобяцца ў чарговых вельмі вялікіх лічбах - паўтары тысячы новых рабочых месцаў і паўтара мільёна тон калійных удабрэнняў за год.