МВФ падтрымлівае праграму ўрада Беларусі па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі

16 марта 2015

Міжнародны валютны фонд падтрымлівае праграму ўрада Беларусі па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне, заявіў сёння на выніковай прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Дэвід Хофман. Ён спадзяецца, што пачатыя структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы будуць прадоўжаны ў гэтым і наступным гадах. У прыватнасці, МВФ станоўча ацэньвае пераход Нацбанка да больш гнуткага абменнага курсу і ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.

Дэвід Хофман, кіраўнік місіі МВФ па Беларусі:

"Мы цалкам падтрымліваем намер Нацбанка зрабіць абменны курс гнуткім, таму што ў такой сістэме абменны курс можа пастаянна адаптавацца, ён дазволіць эканоміцы змякчыць знешнюю нестабільнасць, а таксама дапаможа пазбегнуць рэзкіх скачкоў курсаў валют".

Паводле слоў Дэвіда Хофмана, для новай праграмы Беларусі з МВФ неабходны комплексны пакет структурных рэформ на доўгатэрміновую перспектыву. Міжнародныя эксперты працавалі ў нашай краіне 11 дзён. Гэта штогадовая планавая місія для ацэнкі развіцця эканомікі. Аналагічны аналіз праводзіцца і з іншымі краінамі -членамі фонду.