Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод завяршыў чарговы этап мадэрнізацыі

19 июля 2016

Прадпрыемства ўвяло ў эксплуатацыю 3 сучасныя ўсталёўкі. Тэхнічнае пераўзбраенне дазволіць не толькі паспяхова канкурыраваць на рынку сусветных вытворцаў паліва, а таксама знізіць выкіды ў атмасферу і пры гэтым сэканоміць. Якія яшчэ задачы вырашыла мадэрнізацыя - высвятляў Аляксей Немаў.

Амаль паўмільярда долараў за паўгода і ўвод адразу трох новых аб'ектаў. Мазырскі НПЗ завяршыў чарговую буйную будоўлю. Уведзеныя ўсталёўкі дапамагаюць не толькі выпускаць паліва па еўрапейскіх стандартах, але і даюць магчымасць заводу працаваць на перспектыву.

Унікальнасць гэтага комплексу ў тым, што тут разам працуюць адразу 3 усталёўкі. Гэта значна зніжае выдаткі энергіі і дазваляе выключыць дубліраванне працэсаў. Да таго ж, кіраваць такім комплексам прасцей.

Для працы камбінаванай усталёўкі дастаткова ўсяго 17 чалавек. Аднак, нягледзячы на гэта, пры выхадзе яе на праектную магутнасць завод будзе эканоміць да 40 мільёнаў долараў за год.

Сярод новых аб'ектаў таксама ўсталёўка вытворчасці серы і ўсталёўка адсарбцыйнай ачысткі. Нягледзячы на тое, што ўведзеныя аб'екты адрозніваюцца па сваёй скіраванасці, іх выкарыстанне дапаможа прадпрыемству вырашаць галоўную задачу.

Мадэрнізацыя і будаўніцтва новых аб'ектаў дазволіла прадпрыемству таксама стварыць новыя працоўныя месцы. Толькі дзякуючы ўвядзенню трох усталёвак завод запрасіў на працу амаль сто спецыялістаў.

Генадзь Цецярук, намеснік гендырэктара ААТ "Мазырскі НПЗ": "Мы рэалізавалі праграму "Кадры" да 2015 года, зараз намі распрацаваная комплексная праграма "Кадры 2016-2020". Сёлета намі будуць наогул створаныя 222 новыя працоўныя месцы. Усе гэтыя месцы будуць укамплектаваныя".

У стадыі рэалізацыі знаходзіцца і самы маштабны для завода праект "Будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў". Для яго завяршэння прадпрыемства плануе прыцягненне фундатараў. З увядзеннем яго ў эксплуатацыю Мазырскі НПЗ зможа павялічыць глыбіню перапрацоўкі, а значыць - узрасце прыбытак.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя