Малако экстра-класа ў Астрамечаве

25 сентября 2019

Беларусь экспартуе сельгаспрадукцыю ў 88 краін свету. А нашу малочку можна па праве назваць белым золатам! Але тавар класа "экстра" напрамую залежыць ад захавання тэхналагічнага працэсу. Якасны і запатрабаваны прадукт - па-першае, імідж, па-другое, - прыбытак для прадпрыемства. У Астрамечаве гэта зразумелі даўно. Таму стаўка толькі на прадукт высокай якасці. Бо ад выручкі гаспадаркі залежыць прыбытак кожнага працаўніка. Як зарабляюць на малацэ,   даведвалася Марыя Тройніч.

На малочнай ферме Астрамечава ведаюць: чым лепшы настрой у каровы, тым большы удой.
І гэта не жарт, а навукова даказаны факт.
На прадпрыемстве 2750 кароў. Паводле слоў спецыялістаў, ім імкнуцца забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы. Нават ёсць спецыяльная шчотка для масажу жывёлы. Тут разумеюць: ад колькасці і якасці малака залежыць прыбытак усяго прадпрыемства.

Корм нарыхтоўваюць самі. Вырошчваюць толькі высокабялковыя гатункі травы. Сёння Астрамечава ўваходзіць у дзясятку лепшых гаспадарак краіны па вытворчасці малака. Паводле слоў кіраўніцтва, у гэтым заслуга кожнага працаўніка.

Адразу з фермы малако адвозяць на ўласны завод у Брэст. І ўжо праз некалькі гадзін карысны прадукт пачынаюць ператвараць у смятану, сыр, тварог і дэсерты.

Брэнд завода - глазураваныя сыркі. Іх тут вырабляюць больш як 20 відаў. Рэцэптуру класічнага прадукту не змянялі з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Тавар экспартуюць у Ізраіль, Амерыку і Расію.

Спецыялісты прызнаюцца: адзін з галоўных сакрэтаў папулярнасці прадукцыі - якасная сыравіна.

Сёння Брэсцкая вобласць - у лідарах малочнай галіны краіны.

Прычым, па ўсіх паказчыках. Сёлета тут плануюць атрымаць адзін мільён семсот пяцьдзясят тысяч тон малака.

Зараз на прадпрыемстве Астрамечава рыхтуюцца да папаўнення: будуюць новыя фермы для 250 рагуль. Працы будзе шмат. Але не баяцца. Бо пры гаспадарскім падыходзе і аддача заўсёды ёсць.