А вось самы ўсходні рэгіён краіны - Магілёўская вобласць - толькі пачынае збор збожжавых. Летась па ўраджайнасці былі на 4 месцы ў рэспубліцы, дадаўшы да агульнага каравая 14 %. Рэкордным быў 2014, тады сабралі амаль паўтара мільёна тон.
Расказвае Андрэй Ястрабаў.
Уборка хлеба пачалася і ў Магілёўскай вобласці за выключэннем 6 паўночных раёнаў. У палі выйдуць 1320 камбайнаў. Паралельна тэхніка ўбірае рапс, засталася чвэрць плошчаў.
15 раёнаў вобласці ўжо ўключыліся ў масавую ўборку збожжавых. У сельгаспрадпрыемства "Світанне", напрыклад, уся тэхніка ў полі - гэта 12 камбайнаў. Ні хвіліны прастою - ссыпают збожжа ў грузавікі адразу ў два рукавы.
Але з такім аптымізмам можна гаварыць не пра кожную гаспадарку. Паводле звестак аблсельгасхарча, да пачатку ўборачнай 21 камбайн не выйшаў у поле. 48 - на рамонце. Яшчэ пару дзён прыйдзецца павазіцца механікам і з гэтым КЗС-10 у "Міхееўцы-агра". Не паспелі да ўборачнай разлічыцца за рамонт рухавіка. Зараз выканалі дзяржзаказ па рапсе - заробленыя грошы ўклалі ў рамонт камбайна.
Пра сітуацыю з уборачнай Прэзідэнту далажыў губернатар. Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, стрымліваючых фактараў для таго, каб у тэрміны правесці кампанію ва ўсходнім рэгіёне, няма. У сваю чаргу Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, асабістая адказнасць за ўвесь ход уборачнай - на кіраўніку вобласці.
Слабое звяно - і нізкая забяспечанасць гаспадарак угнаеннямі пад маючую адбыцца сяўбу азімых. А гэта гарантыя добрага ўраджаю. Паводле слоў губернатара, праблема ёсць, асабліва для не самых багатых гаспадарак. Але кожны год вобласць імкнецца дадаць у закупках.
У гаспадарках вобласці ўжо ўбрана 11 тысяч га, гэта каля 3 % або 35 тысяч тон ураджаю.
Сёлета каравай рэгіёна стане цяжэйшым амаль на 75 тысяч тон і дасягне 1 млн. 100 тысяч. Так што на абласных "Дажынках" у Клічаве будзе чым частаваць гасцей.













