Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай прамысловасці ацэньваецца ў 2,5 мільярды долараў

16 сентября 2014
Грошы, вядома, немалыя, таму ўлады і хочуць бачыць адпаведны вынік. Яшчэ ў 2007-м пачалася маштабная мадэрнізацыя канцэрна Беллеспаперапрам.

Расказвае Дзмітрый Цітоў.

Сваімі рукамі на мэблевай фабрыцы ў Вілейцы зараз мала што робяць. Цэх зараз напалову пусты. Гавораць, пакінулі месца для новага абсталявання. На будаўніцтва прамысловага памяшкання спатрэбіліся 4 мільёны долараў, на 1 мільён купілі сучаснай тэхнікі. Паколькі 80 працэнтаў прадукцыі ідзе за мяжу, то для нарошчвання вытворчасці ў наступным годзе купяць яшчэ тры сучасныя станкі.

Гэты станок коштам 60 тысяч еўра замяняе чатыры старыя станкі, на якіх раней працавала 8 чалавек. За цэлую змену праз яго праходзіць 6 кіламетраў піламатэрыялаў.

Матэрыял, які застаецца, не пускаюць на дровы. Тут нават дрэўны пыл ідзе на перапрацоўку, таму і ў цэху ніводнай стружкі. Дзякуючы сістэме асперацыі ўсё паглынаецца спецыяльнай выцяжкай.

Ігар Дыдышка, галоўны інжынер мэблевай фабрыкі: Сістэма аўтаматычна падае ўсю фракцыю, г. зн. стружку, пілавінне ў кацельню, дзе адбываецца поўнае спальванне. Гэтым мы і ацяпляем усё наша прадпрыемства і не толькі наша, але і невялікі жылы комплекс побач.

44 мільярды рублёў за 7 месяцаў. Вінтажныя кухні, зробленыя з дуба, знаходзяць сваіх пакупнікоў у Расіі, якая імпартуе 70 працэнтаў прадукцыі. А вось мэбля пад дзіцячыя пакоі ўсё часцей адгружаецца ў Германію. Аб'ём вытворчасці мэблі летась вырас на 12 працэнтаў.

Канцэрн Беллеспаперапрам у цэлым і дрэваапрацоўка ў прыватнасці апошнім часам пад пільнай увагай Прэзідэнта. У працэсе абнаўлення дзевяць ключавых прадпрыемстваў. Рэалізуюцца праекты на мільярд еўра. Перад арганізацыямі Беллеспаперапрама пастаўлена задача завяршыць мадэрнізацыю базавых прадпрыемстваў ужо сёлета.

А гэтае прадпрыемства знаходзіцца праз квартал ад мэблевай вытворчасці. Як адзначае намеснік дырэктара, яны ўжо даўно працуюць па перадаплаце з заходнімі калегамі. Нямецкія партнёры летась назвалі лінію па зборцы дзвярэй адной з самых лепшых у СНД, бо драўніна праходзіць увесь цыкл перапрацоўкі.

Аляксандр Хвіневіч, першы намеснік генеральнага дырэктара дрэваапрацоўчага прадпрыемства па вытворчасці дзвярэй: Мадэрнізацыя дазволіла рабіць больш складаныя мадэлі, больш складаныя афарбоўкі. Вось ёсць мадэлі, якія праходзяць праз фарбавальную лінію восем разоў для таго, каб было тое пакрыццё, на якое мы даём гарантыю некалькі гадоў.

Абодва дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы Вілейкі імкнуцца быць наперадзе канкурэнтаў. Нарошчваючы экспарт, не забываюцца забяспечваць і ўнутраны рынак. А гэта вялікая эканомія перш за ўсё валютных сродкаў дзяржавы.




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя