Меркаванні прадпрымальнікаў аб дэкрэце

30 ноября 2017

Нараўне з навуковым патэнцыялам важным фактарам у развіцці беларускай эканомікі з'яўляецца і разняволенне дзелавой ініцыятывы. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва" - ключавы дакумент з вялікага ліберальнага пакета, які быў падпісаны на мінулым тыдні, накіраваны на стварэнне спрыяльнага бізнес-клімату ў краіне. Зараз працэдуры ўзгаднення стануць прасцейшыя, а ўмяшанні кантралёраў і правяраючых зменшацца. Як успрынялі гэтыя навацыі ў дзелавых колах? Меркаванні прадпрымальнікаў выслухала Вікторыя Патоня.

Адкрыць цэх па вырабе салатаў дырэктар фірмы Дзмітрый Нядбайнік вырашыў даўно. Прадпрыемства часткова вырошчвае, закупляе свежую гародніну ў аграрыяў і пастаўляе іх на прылаўкі магазінаў. Днямі з аўкцыёну фірма набыла будынак былой сталовай ваеннай часці. Прычым, на льготных умовах. Са скідкай 80 % і растэрміноўкай на 4 гады. Гэтаму паспрыяў Дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Разняволіць малы і сярэдні бізнес - галоўная задача. А тым, хто ўкладвае інвестыцыі ў развіццё вёскі, яшчэ і бонусы.

Дзмітрый Нядбайнік, дырэктар прадпрыемства па перапрацоўцы гародніны: "Каб дадзены аб'ект нам увесці ў эксплуатацыю, трэба было зрабіць яго рэканструкцыю, што каштуе вельмі дорага, праектная дакументацыя. На сёння рэканструкцыя не патрэбна".

Гэта адзін з пунктаў дэкрэта па лібералізацыі бізнесу. І на яго ў мясцовых улад асаблівыя надзеі. Год назад паводле Указа "Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю" былі ўведзены льготы. Толькі ў Брэсцкім раёне попыт на маёмасць вырас напалову. Напрыклад, у будынку бібліятэкі можна адкрыць магазін, і нават без праекта на рэканструкцыю.

Ілья Бандроўскі, намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама: "Ідзе аптымізацыя аб'ектаў сацкультпобыту і на месцы гэтых аб'ектаў прадпрымальнікі часам выяўляюць жаданне чымсьці заняцца. Адкрыць цырульню, магазін, невялікую вытворчасць. Зараз яны гэта могуць зрабіць без праблем".

І калі раней, каб заняцца новым відам прац альбо паслуг, трэба было спачатку сабраць стос дакументаў, прайсці ўсе інстанцыі, і толькі пасля - запускаць вытворчасць. То зараз гэты шлях скарачаецца ў разы.

Дакумент запусціць бізнес хутчэй. Замест дзясяткаў узгадненняў - мінімум дзеянняў. Дастаткова толькі адзінага апавяшчэння ў мясцовы выканкам. Яго можна прынесці ў службу "адно акно", даслаць па пошце або скарыстацца парталам электронных паслуг. І ўжо заўтра можна пачынаць працаваць.

Дэкрэт прадугледжвае толькі мінімальны кантроль прыватнікаў з боку кантралёраў. Але пры гэтым узрастае адказнасць кіраўніка. Дзелавыя людзі гэта ўсвядомяць. Іван Астапук займаецца пасажырскімі перавозкамі. У аўтапарку больш чым 10 маршрутных таксі гарадскога і прыгараднага паведамлення. Як кіраўнік прадпрыемства, спадзяецца, што бізнес-клімат у краіне, дзякуючы дэкрэту, стане цяплейшым.

Іван Астапук, кіраўнік транспартнага прадпрыемства: "Мы і так прывыклі да гэтай адказнасці. Пастаянна ажыццяўляецца кантроль за вядзеннем дзейнасці. І гэта лішняе, калі над кантролем кантроль. Гэта зусім не трэба".

Дэкрэт ахоплівае сферы, у якіх засяроджанае каля 95 % малога і сярэдняга бізнесу. Для ўсіх адзіныя санітарныя і экалагічныя патрабаванні, пажарнай бяспекі. Спецыялісты гавораць: дакумент не вырашыць усіх праблем прадпрымальніцтва, але дазволіць разняволіць бізнес-ініцыятыву.