Пра вынікі амаль двухтыднёвага эканамічнага маніторынгу прадстаўнікі фонду расказалі журналістам. Дарэчы, праца групы экспертаў супала з аб'явай аб пераходзе нашай краіны да рэалізацыі новай эканамічнай палітыкі. Так што ацэнку дзеянням фінансавых улад місія фонду давала на фоне змены падыходаў у эканоміцы.
Андрэй Лапцёнак пабываў на брыфінгу. Візіт пятай місіі МВФ постманіторынгу праграмы стэнд-бай, па ўмовах якой Беларусь са студзеня 2009 па красавік 2010 года атрымала 3,5 мільярда долараў, праходзіў на добрым фоне. За апошнія 20 гадоў не было ніводнага выпадку, каб Беларусь не тое што не выплаціла, а хаця б пратэрмінавала вяртанне пазыковых сродкаў.
Адзінаццаць дзён маніторынгу ўжо на днях у форме гатовай справаздачы лягуць на стол Савета выканаўчых дырэктараў МВФ у Вашынгтоне. Зрэшты, яшчэ раней, падчас візіту беларускай дэлегацыі высокага ўзроўню ў Вашынгтон, дзе 11-13 кастрычніка прайшло штогадовае пасяджэнне кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка, быў прапанаваны план эканамічных рэформаў, якія пачынае Беларусь.
Міхаіл Мясніковіч, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь: З улікам таго, што высокае кіраўніцтва фонду інфармаванае аб пазіцыі Беларусі, гэта ў пэўнай ступені спрашчае задачу місіі на чале з Вамі, спадар Хофман.
Прадстаўнікі фонду неаднаразова заяўлялі, што адной з умоў эфектыўнага супрацоўніцтва з'яўляецца наяўнасць сур'ёзнага плана эканамічных рэформаў. Так што ацэнку дзеянням фінансавых улад і мер, якія прадпрымаюцца, аналітыкі фонду давалі ўжо ў новых акалічнасцях.
Дэвід Хофман, кіраўнік місіі МВФ: Новы план сумесных дзеянняў урада і Нацбанка дае абнадзейлівы сігнал аб тым, што ўлады прызнаюць неабходнасць змянення эканамічнай палітыкі. Місія вітае шэраг элементаў гэтага плана. У прыватнасці, мы падтрымліваем намер перавесці ўсё мэтавае і субсідуемае крэдытаванне ў Банк развіцця і актывізаваць працу па прыватызацыі. Гэтыя планы з'яўляюцца добрым адпраўным пунктам і пры ўмове іх належнай рэалізацыі забяспечаць такі неабходны рух наперад.
Прагрэс Беларусі ў скарачэнні субсідавання і мэтавага крэдытавання эканомікі, паводле слоў кіраўніка місіі, відавочны. Зрэшты, у перамовах паміж Беларуссю і МВФ захоўваюцца па-ранейшаму некаторыя тэмы, якія прадаўжаюць быць актуальнымі і патрабуюць рашэння. Гэта паніжэнне ўнутранага попыту, скарачэнне націску на аплатны баланс і прытрымліванне гнуткага абменнага курсу рубля. Дарэчы, у плане ўрада і Нацбанка яны таксама ёсць.
Падчас сустрэч з прэм'ер-міністрам, членамі ўрада, прадстаўнікамі Нацбанка, навукова-даследчых устаноў, бізнесу і дыпламатычнай супольнасці прадстаўнікі фонду засведчылі, што цесныя кансультацыі з мэтай аказання садзейнічання ў рашэнні эканамічных задач, якія стаяць перад Беларуссю, прадоўжацца.
Рабіць нейкі прагноз аб тэрмінах і ўмовах новай праграмы, мабыць, заўчасна. Але ўспомнім, што прэзентуючы план рэформ, члены беларускага ўрада адзначылі, што сучаснае фармаціраванне эканомікі - момант як раз прыдатны.














