Мінскі трактарны завод пашырае лінейку новых мадэляў тэхнікі

26 мая 2016

Мінскі трактарны завод пашырае лінейку новых мадэляў тэхнікі, а разам з ёй і рынкі збыту. Сярод актуальных напрамкаў супрацоўніцтва - Грузія, Сербія, Сярэдняя і Паўднёва-Усходняя Азія, краіны Лацінскай Амерыкі. Нават у свае 70 - а на гэтым тыдні МТЗ адзначае юбілей - прадпрыемства пастаянна рухаецца наперад. Урачыстасці ў гонар круглай даты завода пачаліся сёння і працягнуцца да канца тыдня. Аляксей Кандраценка павіншаваў юбіляра, а заадно даведаўся пра самыя цікавыя падзеі.

Нягледзячы на салідны ўзрост, Мінскі трактарны завод сёння адчувае сябе па-сапраўднаму маладым. А месцамі і абноўленым - гэта і новы сквер на плошчы МТЗ, а таксама Палац культуры, які зараз проста не пазнаць!

Жаданне затрымацца ў новым скверы па дарозе на працу або назад з гэтага часу напэўна ўзнікне ў многіх работнікаў завода. Дзень нараджэння раз на год, а вось 70 сімвалічных туй будуць яшчэ доўга ўсіх радаваць. Зрэшты новая пляцоўка прыцягвае і дзяцей, бо менавіта для іх тут абсталявалі гульнявыя канструкцыі і міні-скейт-парк. Добры падарунак не толькі завадчанам, але і ўсім жыхарам Партызанскага раёна сталіцы.

Адзін з флагманаў беларускага машынабудавання, сімвал краіны і кожны 10-ы трактар у свеце! За сваю гісторыю на МТЗ вырабілі больш за 3 мільёны 800 тысяч машын пад маркай «Беларус», у тым ліку амаль 760 тысяч трактароў - на экспарт. Сёння прадпрыемства – гэта вялікі холдынг з 9 заводаў, прадукцыя якіх цэніцца ў многіх дзяржавах.

Яшчэ адзін падарунак да юбілею - абноўлены Палац культуры МТЗ. Беласнежныя і стыльныя інтэр'еры і дэкор, а таксама прасторная і цалкам перабудаваная актавая зала прымаюць гасцей ўрачыстых мерапрыемстваў. Без ўвагі не засталіся і прадстаўнікі мас-медыя. У ліку лепшых рэпартажаў аб дзейнасці трактарнага завода і матэрыялы Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі.

Ужо заўтра на плошчы перад заводам разгорнецца вялікая экспазіцыя тэхнікі - як рэтра, так і сучаснай. Будзе нямала рарытэтаў.

У суботу ў 14 гадзін адбудзецца маштабнае шэсце трактароў. У нядзелю ж можна будзе трапіць на сам завод. МТЗ праводзіць дзень адчыненых дзвярэй.