Мінскі трактарны завод адзначае сваё 70-годдзе

26 мая 2016

Адзін з флагманаў беларускага машынабудавання - Мінскі трактарны завод адзначае сваё 70-годдзе. Святочныя падзеі стартавалі сёння і прадоўжацца да канца тыдня.

На плошчы каля МТЗ адкрылі новы сквер, які ўпрыгожылі 70 сімвалічных туй. Акрамя таго, гэтая пляцоўка прызначаная і для дзяцей - тут усталявалі гульнявыя канструкцыі і міні-скейт-парк. Яшчэ адзін падарунак завадчанам і ўсім жыхарам сталіцы - цалкам абноўлены Палац культуры МТЗ. Менавіта яго зала сёння прыняла шматлікіх гасцей.

Самыя ж відовішчныя падзеі, прымеркаваныя да юбілею МТЗ, адбудуцца ў найбліжэйшыя тры дні. Заўтра на плошчы каля завода разгорнецца маштабная экспазыцыя - як рэтра, так і самай сучаснай тэхнікі. У суботу адбудзецца шэсце гэтых машын, а ў нядзелю Мінскі трактарны завод праводзіць дзень адчыненых дзвярэй.